Царкву XVIII стагоддзя «рэканструявалі» — вагонкай і шклопакетамі
У вёсцы Рухча Столінскага раёна «рэканструявалі» царкву XVIII стагоддзя — знешнія сцены абабілі вагонкай, вокны замянілі на пластыкавыя.
![cerkrecon_1_20042002_1280x720.jpg cerkrecon_1_20042002_1280x720.jpg](/img/v1/images/cerkrecon_1_20042002_1280x720.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Драўляны храм у Рухча ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад назвай царква Раства Багародзіцы, мае другую катэгорыю каштоўнасці. У будынку спалучаюцца элементы народнага дойлідства і барока. Уласнікам з'яўляецца царкоўны прыход.
Пра незаконную “рэканструкцыю” паведаміла БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцёма Брухана.
Без адпаведнага дазволу ў царкве правялі “еўрарамонт” — сцены абабілі вагонкай, вокны замянілі на пластыкавыя.
![Царква да рэканструкцыі Царква да рэканструкцыі](/img/v1/images/ruchca_stolin1_20042020.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Царква да рэканструкцыі
"Былі парушаныя патрабаванні Кодэкса аб культуры. Работы на гісторыка-культурным аб'екце праведзеныя без падрыхтоўкі праекта, зацверджанага Міністэрствам культуры. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры рэстаўрацыі, павінны быць узгодненыя з распрацоўшчыкам праектна-каштарыснай дакументацыі. Нічога з гэтага зроблена не было, што прывяло да пэўных зменаў знешняга выгляду царквы", — распавёў Арцём Брухан.
![Царква пасля рэканструкцыі Царква пасля рэканструкцыі](/img/v1/images/ruchca_stolin2_20042020.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Царква пасля рэканструкцыі
![Царква пасля рэканструкцыі Царква пасля рэканструкцыі](/img/v1/images/ruchca_stolin3_20042020.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Царква пасля рэканструкцыі
Брэсцкі аблвыканкам прызнаў: мела месца парушэнне заканадаўства. Аддзел культуры Столінскага райвыканкама цяпер рыхтуе матэрыялы для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні. Па словах Арцёма Брухана, раней у Брэсцкай вобласці часцей выяўлялі выпадкі незаконнай рэканструкцыі культавых збудаванняў, цяпер гэта рэдкасць.
Фота Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама