Ці дазволяць улады Воршы правесці фестываль імя Караткевіча?
Лідар гурта «Вурай» Сяргей Доўгушаў хоча зладзіць у Воршы музычна-паэтычны фестываль імя Уладзіміра Караткевіча. Як вядома, кіраўніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі ў Воршы Ганна Святлова, якая асабіста забараняла канцэрты Доўгушава, ужо пакінула сваю пасаду.

– Быццам бы ўсе кажуць, што ўсё добра, каб прыязджаў і даваў канцэрты, ніхто не будзе перашкаджаць. Музычна-паэтычны фестываль у Воршы імя Караткевіча – гэта проста трэба зрабіць, каб далучыліся і дзеткі, і ўсе неабыякавыя людзі, каб паўдзельнічалі ўсе мясцовыя. І вось не ведаю, ці атрымаецца ўсё гэта, можа, на лета атрымаецца гэта сарганізаваць, — кажа Сяржук Доўгушаў.
У мінулым лютым гарадскія ўстановы Воршы двойчы адмовілі Доўгушаву ў правядзенні канцэрта з песнямі на словы Караткевіча. Не дапамог нават дырэктар Белдзяржфілармоніі, у якой да нядаўняга часу працаваў Сяргей. Прытым сам музыка паходзіць акурат з Аршаншчыны.
racyja.com