Ці адбудзецца «вяртанне блуднага сына»?
Беларускі шоу-бізнэс, нязвыклы да яркага і, галоўнае, нестандартнага, «праміргаў» зусім нядаўна новую зорку песеннага эстраднага жанру (ды і, магчыма, некаторых іншых жанраў — у гэтым чалавеку талентаў, як аказалася, нямала) юнака з Жодзіна Яўгена Літвінковіча. А між тым яго зорка разгараецца ўсё ярчэй і ярчэй ў самай песеннай нашай суседцы — Украіне.
А там, сярод шматлікіх галасістых і цікавых спевакоў, такога дасягнуць — не жарт!
Такіх «выпадковасцяў» там адбыцца ў прынцыпе не магло — занадта
трапятліва украінцы ставяцца да таго роду мастацтва, талентамі ў якім прырода надзяліла ў гэтай краіне многіх.
І ўсё ж такі гэта адбылося. Невысокі юнак з амаль дзіцячым тварам і асаблівым тэмбрам голасу апынуўся трэцім у талент -шоў «Украіна мае талант», быў запрошаны на іншы
конкурс — «Х- фактар», які вельмі папулярны ў заходнім свеце, і там
ужо на кастынгу толькі пры выхадзе на сцэну сам быў ашаломлены (як і суддзі, якія нічога не ведалі) шквалам прывітальных авацый тых, хто яго палюбіў яшчэ на УМТ. Ужо на гэтай першай пасля УМТ
сустрэчы з украінскім гледачом ён мог ўбачыць у зале плакаты: «Жэка —
НАЙЛЕПШЫ!». А суддзі зразумелі ўсё, што адбываецца, калі Жэня заспяваў.
Калі ж завяршыў выкананне (кавер ізраільцяніна, які выступаў на «Еўрабачанні», — «Словы»), не вытрымалі і яны — уся чацвёрка ўстала і апладзіравала юнаку, якога потым назавуць «аголеным нервам Х-
фактару» і «хлопцам , які сьпявае сэрцам», а ў каментарах прыхільнікаў будуць параўноўваць яго манеру выканання з талентам Гурчанкі, Шульжэнкі, Міронава, Баярскага ды
інш.
І, сапраўды, з ім адразу ж пасля заканчэння талент-шоу СТБ, тэлекампанія, якая праводзіла гэты песенны конкурс, заключыла доўгатэрміновы кантракт на 5 гадоў, аформіла і вядзе яго сайт, выпусціла
яго першы кліп на аўтарскую песню «Знакі задыяка», цяпер рыхтуецца да выхаду другі («Да
цябе!» — таксама ўласнае тварэнне Літвінковіча) . Ён становіцца удзельнікам
шматлікіх шоу і перадач гэтага і іншых украінскіх тэлеканалаў, прычым, не толькі ў сталіцы.
З бляскам і морам кветак, якія зрабілі пастаянную прамяністую ўсмешку Яўгена яшчэ больш радаснай і шчаслівай, прайшоў гастрольны тур фіналістаў Х -фактару па гарадах Украіны неўзабаве пасля
заканчэння талент-шоў. А ўжо ўсяго праз некалькі месяцаў прадзюсерскі цэнтр СТБ адважыўся прэзентаваць ягоны сольнік — у Кіеве, у зале ўкраінскай кансерваторыі. Які аказаўся... замалы для жадаючых пачуць
«жыўцом» свайго ўлюбёнца — квіткі былі раскуплены за тыдзень. І
давялося пайсці на рызыкоўны крок, няпросты для выканаўцы на першым і такім адказным сольным канцэрце: быў абвешчаны другі канцэрт. У той жа дзень. І зноў — аншлаг.
І вось цяпер — новы этап узыходжання Яўгена Літвінковіча на «песенны
Алімп» — лістападаўскі сольны тур па 15 найбуйнейшых гарадах Украіны. Ужо
вісяць плакаты рэкламныя, ужо ёсць графік, ужо пачаты продаж квіткоў на першыя канцэрты.
Ну, а прычым тут «вяртанне блуднага сына», спытаецеся вы?
Так, у спісе гарадоў, куды Жэня прыедзе з сольным канцэртам і цалкам новай песеннай праграмай, Мінска няма, там пакуль што ўсеўкраінскі тур (на яго, як піша ўкраінская прэса, пакуль ніхто з
пераможцаў песенных конкурсаў і не замахваўся, такі размах — гэта рызыка, а
Літвінковіч любіць дзівіць), але...
Ужо зусім хутка мы пра гэта даведаемся. Але калі такое, пакуль кароткачасовае, вяртанне беларуса на родную зямлю з першым сольным канцэртам адбудзецца — мы можам даць яму адчуць, што любіць яго не толькі ўкраінскі глядач.