Cяргей Міхалок заявіў пра стварэнне праекту „Ляпіс-98″

Экс-лідар «Ляпісаў» вяртаецца да свайго старога рэпертуару, ад якога быў адрокся.

Фота Tuzin.fm

Фота Tuzin.fm


Упершыню публічна пра стварэнне сайд-праекту, у межах якога будуць выконвацца старыя гіты «Ляпісаў», які не граліся ані ў межах "Brutto", ані самімі «Ляпісамі» позняга перыяду, Сяргей Міхалок заявіў 1 красавіка.

 

«Мяне ўжо 10 год угаворвалі прыхільнікі ранняга клоўнскага вобразу выканаць што-небудзь з класікі і толькі цяпер, дзякуючы маленькаму сыну, я магу гэта зрабіць без прымусу, нязмушана ды з аганьком», — зазначыў музыка ў паведамленні на афіцыйным акаўнце "Brutto".

 

Тады прадусар гурта Антон Азізбекян не пацвердзіў Tuzin.fm праўдзівасць гэтай заявы. Але ўвечары 14 красавіка тамсама зявілася новае паведамленне, у якім вядзецца, што напраўду Міхалок вяртаецца з старым рэпертуарам. «Чокнуты клоўн Міхалок з кампаніяй бывалых для аматараў прыўкраснага! Навошта слухаць кавер, калі ёсць арыгінал? "Ляпіс-98" — гарантыя і прафесіяналізм», — гаворыцца ў заяве.

 

Пакуль не вядома, хто будзе граць разам з Міхалком у гэтым праекце. У той жа час Сяргей падкрэсліў у сваім паведамленні ў афіцыйным чаце гурта на Viber, што Brutto застаецца і заўважыў: «Я магу быць сур’ёзным, дарослым, разважлівым, але цыркач і вулічны гаер жывуць унутры мяне».  

 

Былыя паплечнікі Міхалка, якія заснавалі гурт "Trubetskoy", запрашэння далучыцца да гэтага праекту не атрымалі. І да гэтай навіны паставіліся з іроніяй: «Якая нечаканая і актуальная ідэя! Упэўнены, што і ўвасабленне будзе на такім жа дастойным узроўні. Цікава даведацца, хто з складу “Ляпіса Трубяцкога” ўзору 1998 году будзе браць у гэтым удзел? Ці гэта мюзікл?» — зазначыў у каментары для Tuzin.fm Яўген Калмыкоў, былы дырэктар і прадзюсар «Ляпіса Трубяцкога», а цяпер прадзюсар гурта "Trubetskoy". Прадзюсар "Brutto" Антон Азізбекян на просьбу «Тузіна» агучыў склад праекту «Ляпіс-98». У яго акром Сяргея Міхалка ўвойдуць Дзяніс Стурчанка (бас), Дзяніс Шураў (бубны), Павал Трацяк (гітара),Іван Галушка (трамбон), Уладзіслаў Сенькевіч (труба). «Такім чынам — гэта ўсе музыкі "Brutto". І ўсе гралі ў «Ляпісах», акром Трацяка, ды і тое было такое, што Паша граў з “Ляпісамі”. Таксама з праектам будуць працаваць гукарэжысёры Андрэй і Зміцер Баброўка, якія таксама працавалі ў "Ляпісах"», — зазначыў Антон.

 

Першы выхад на сцэну музыкаў пад шыльдаю «Ляпіс-98» адбудзецца ўжо 21 красавіка ў Харкаве, у клубе «Корова». "Trubetskoy" жа дае акустычны канцэрт у Менску 16 красавіка ў клубе "Coyote".


tuzin.fm