“Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам” адчыняе новы тэатральны сезон у “Ляльцы”
У нядзелю, 28 верасня, Беларускі тэатр “Лялька” ў Віцебску распачынае свой дваццаць дзевяты сезон. Спяшайцеся: у касе пакуль што маюцца білеты, але іх колькасць, вядома, абмежаваная.

Дзіцячай аўдыторыі будзе прапанавана прэм’ера спектакля “Цудоўная скрыня з чароўным гарошкам”, пастаўленага яркай і крэатыўнай Святланай Бень-Залескай паводле шведскіх казак. Відовішча вельмі дынамічнае і насычанае тэхнічнымі вынаходніцтвамі.
А дарослыя змогуць пабачыць спектакль, што стаў пэўнай візітнаю карткаю “Лялькі” — “Загубленая душа альбо Пакаранне грэшніка” па творах Яна Баршчэўскага, вытрыманы ў традыцыях старажытных тэатраў, што дзейнічалі ў езуіцкіх калегіюмах. Пасля адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лепшых артыстаў мінулага тэатральнага сезону.

У бліжэйшыя месяцы тэатр прапануе сваім прыхільнікам шмат цікавага. Гэта і прэм’ера спектакля для дарослых “Спакуса” паводле апавядання Антона Паўлавіча Чэхава “Чорны манах”, запланаваная на 22 кастрычніка, і аднаўленне “Папялушкі”, упершыню пастаўленай Віктарам Клімчуком у 1991 годзе, і першая самастойная рэжысёрская праца Міхася Клімчука, акцёра “Лялькі” і навучэнца пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, і, вядома ж, навагоднія імпрэзы.

А яшчэ ў наступным сезоне адзначаць свае юбілеі ўлюбёнцы віцебскай публікі: Юрась Франкоў і Ганна Сцепанец.

На традыцыйнай восеньскай прэс-канферэнцыі дырэктар Аляксандр Грыгор’еў паабяцаў, што ў хуткім часе білеты ў “Ляльку” можна будзе набываць праз Інтэрнэт з дапамогай кампутара ці мабільнага тэлефона. Аднак за білетамі на адкрыццё сезону давядзецца звярнуцца ў касу. Не пашкадуеце!