Цырымонія адкрыцця ЧС па хакеі будзе доўжыцца ўсяго 15 хвілін
Цырымонія адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі, якая адбудзецца 9 мая ў «Мінск-арэне», зойме 15-17 хвілін. Пра гэта журналістам распавёў дырэктар Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай — 2014 Яўген Ворсін.

Чыноўнік патлумачыў, што адкрыццё жорстка рэгламентуецца Міжнароднай федэрацыяй хакея. Раскаткі і заліванне лёду будуць праводзіцца паралельна з адкрыццём, падрабязнасці якога Яўген Ворсін раскрываць не стаў, каб захаваць інтрыгу для гасцей чэмпіянату, , паведамляе БЕЛТА.
У дзень адкрыцця чэмпіянату фан-зона «Мінск-арэны» будзе працаваць з 19.30, наведаць яе змогуць усе жадаючыя незалежна ад наяўнасці білета.
Па словах Ворсіна, у продажы яшчэ ёсць квіткі літаральна на ўсе матчы. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца гульні каманд топ-групы: Канады, Швецыі, Чэхіі, Беларусі і Расіі.
Першымі ў Мінск на чэмпіянат свету прыбудуць каманды Францыі і Італіі, іх чакаюць 6 мая.