«Чортаў тузін» фактаў да 25-годдзя гурта «Крама»

Легендарнаму беларускаму гурту «Крама» ў лістападзе спаўняецца 25 гадоў. На іх рок-канцэрты імкнуцца трапіць не толькі пасівелыя рокмэны «старой школы», але і прадстаўнікі пакаленняў «Х» і «Z», якія па праву могуць лічыцца аднагодкамі гурта.

krama_1.jpg

Здаўна «Крама» лічыцца адным з самых прадуктыўных хіт-мэйкераў, а таму і мае статус легенды айчыннай рок-сцэны. Музыканты гурта і іх лідар Ігар Варашкевіч ужо шмат гадоў радуюць і захапляюць слухачоў незабыўнымі хітовымі кампазіцыямі, якія з першых слоў кранаюць самыя патаемныя струны душы. Ну а фірмовы «крамаўскі» гук? Толькі дзеля яго і можна было б схадзіць на чарговы канцэрт уладальнікаў першай «Рок-кароны–1994»!

Усім аматарам творчасці беларускага гурта «Крама» мы прапануем прыгадаць некаторыя старонкі творчага жыцця музыкантаў і іх унёсак у развіццё айчыннай рок-сцэны.

ПФота агенцыі Тааранціна і сыны

ПФота агенцыі Тааранціна і сыны

1.

«Крама» ўтварылася ў 1991 годзе, і яе касцяком сталі музыканты гурта «Рокіс» — Ігар Варашкевіч (мелодыі, гітара, спеў, гармонік вусны), Сяргей Трухановіч (гітара), Ілля Шэўчык (гітара), Руслан Праўда (бас), Анатоль Горбач (бубны), Андрэй Белізяк (гукарэжысёр), Зміцер Лукашук (тэкставік). Такую назву музыканты абралі таму, што, як іранізаваў Варашкевіч: «Бескаштоўная рэклама нам з такой назвай была б забяспечана па ўсёй Беларусі — у сталіцы, у раённых гарадах, у вёсках, усюды, дзе ёсць гандлёвыя кропкі ці з шыльдамі «Крама».

2.

Гурт стаў пераможцам рок-фестывалю «Басовішча–1992», у якім дэбютаваў у конкурсе маладых выканаўцаў. У 1994 годзе «Крама» стала першым пераможцам «Рок-каранацыі» і ўладальнікам «Рок-кароны–1994» як найлепшы беларускі рок-гурт. Ігар Варашкевіч успамінае той час: «Арганізатары першай айчыннай музычнай прэміі ўручылі нам «Рок-карону» ў прысутнасці тагачаснага міністра культуры і друку Беларусі Анатоля Бутэвіча, нас віталі кампазітар Эдуард Ханок, спявак Віктар Вуячыч. Была сапраўды цудоўная, святочная атмасфера!»

3.

Акрамя «Рок-кароны–1994», удзельнікі «Крамы» не раз адзначаліся спецыяльнымі «Рок-каронамі». Так, 1995 годзе музыканты былі названы пераможцамі ў намінацыі «За адданасць жанру», у намінацыі «Традыцыі і сучаснасць» (1999), за «Лепшы альбом года» («Хавайся ў бульбу»). Гурт таксама стаў уладальнікам прыза ў намінацыі «За ўнёсак» прэміі «Rock Profi» ў сувязі з 20-годдзем выдання дэбютнага альбомаў «Крамы».

4.

У 1994 годзе музыканты гурта «Крама» занялі першае месца на буйным маскоўскім рок-фэсце «Пакаленне–94». Удзельнік гурта Сяргей Трухановіч быў прызнаны лепшым гітарыстам фестывалю і атрымаў у падарунак фірмовую электрычную гітару. Пасля гэтага поспеху расійскае тэлебачанне прадставіла права «Краме» выступіць у прамым эфіры на рэйтынгавым музычным шоу «Праграма А». Неафіцыйна музыкантам былі прапановы перайсці з беларускай на рускую мову ў песнях, каб без праблем выйсці на тамтэйшы рынак. На што Ігар Варашкевіч і яго сябры адказалі адмовай: «Не здрадзім!».

5.

У дыскаграфіі «Крамы» 8 поўнафарматных альбомаў, 1 канцэртны дыск, 1 дыск з лепшымі песнямі «The Best». Песні гурта выдаваліся на 14 складанках і фанаграфічных праектах. Таксама ў актыве «Крамы» адзін сінгл, выдадзены асобным CD — кавер «Enjoy The Silence», зроблены спецыяльна для праекта «Personal Depeche» з «крамаўскім» каверам на гэту кампазіцыю гурта «Depeche Mode».

6.

У «Сто найлепшых беларускіх песень» (па выніках праекту партала Tuzin.fm) увайшлі чатыры «крамаўскія». Гэта «Гэй там, налівай!» (музыка ўдзельнікаў гурта, словы Зм. Лукашука), «Гомельскі вальс» (музыка І. Варашкевіча, словы Зм. Лукашука), «Будзь разам з намі» (музыка І. Варашкевіча — А. Лявончыка, словы Зм. Лукашука), «Бяжы хлопец» (музыка І. Варашкевіча, словы Зм. Лукашука). Апошняя кампазіцыя стала стартавай у саўндтрэку да культавага відэафільму «Незвычайны канцэрт» (2000).

dsc00598.jpg

7.

У 1993 годзе брытанскія прадзюсары вырашылі наведаць былыя рэспублікі СССР, з мэтай пошуку новых талентаў на постсавецкіх прасторах. Мэтай іх падарожжа была Расія, але ў Мінску яны трапілі на адзін open air з удзелам «Крамы». Брытанцы адразу прапанавалі музыкантам кантракт на выданне ў Брытаніі васьмі альбомаў і, не даехаўшы да Масквы, вярнуліся ў Лондан. На жаль, часу і сродкаў хапіла толькі на адзін альбом, але які! Гэта была кружэлка на англійскай мове «Vodka on ice», назву якой далі самі брытанцы з камерцыйных меркаванняў. Альбом меў добрыя водгукі і ратацыю на брытанскіх радыёстанцыях, заўважаны слухачамі, асабліва на радзіме, дзе дыск «Vodka on ice» стаў фанаграфічнай рэдкасцю. У 2003 годзе кампанія «БМА-group» перавыдала рарытэт у аўтэнтычным афармленні.

8.

У 2002 годзе «Крама» выступіла на экалагічным фэсце «Мікрасфера», які праходзіў у польскай частцы Белавежскай пушчы. На гэтым фэсце музыканты гурта былі ўганараваны прызам «За прапаганду беларускай мовы і культуры за мяжой і на радзіме».

9.

Музыканты «Крамы» супрацоўнічаюць з многімі запрошанымі музыкантамі, у тым ліку з гітарыстамі Аляксандрам Газізавым, Аркадзем Юшыным і Леанідам Вярэнічам, якому музыканты прысвяцілі асобную песню «Сябра мой Вярэніч Лёнік». Трывалае сяброўства і сумесныя канцэрты аб’ядноўваюць гурт з вядомым расійскім выканаўцам блюзу Мікалаем Аруцюнавым. Падчас супрацоўніцтва ў рамках праекту «Мікалай Аруцюнаў & Blues Barbarians» быў запісаны альбом «Live in Minsk», а на сумесных канцэртах Аруцюнаў (па адукацыі філолаг) разам з «Крамай» па-беларуску выканаў шмат кампазіцый, у тым ліку і такія хіты, як «Бяжы, хлопец» і «Выпі са мной да дна».

10.

Да 10-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС музыканты гурта разам з кіраўніком ансамбля «Сябры» Анатолем Ярмоленкам, лідарам гурта «Палац» Алегам Хаменкам, спевакамі Змітром Вайцюшкевічам і Веранікай Кругловай запісалі «Гомельскі вальс» (музыка І. Варашкевіча, словы Зм. Лукашука). На гэтую песню Ягорам Хрусталёвым быў зняты кліп, якія трансляваўся на шырокую аўдыторыю толькі адзін раз. Як зазначыў Варашкевіч, разважаючы над вытокамі замоўчвання «Вальса» на радыё і тэлебачанні, прычына ў тым, што ў песні гаворыцца пра трагічны лёс усяго беларускага народа.

11.

«Крама» — адзін з паспяховых аўтараў беларускамоўных кавераў замежных рок- і поп-хітоў. Так, у творчым багажы каверы такіх «эвергрынаў», як «Bella Ciao» — песня італьянскіх партызанаў, удзельнікаў антыфашысцкага супраціву, або хіт Рэя Орбісана «Pretty Woman», або «Сюзана» з рэпертуару галандскага гурта «The Art Company» (якую ў нас ведаюць у выкананні Чэлентана). Таксама, у рэпертуары шмат іншых апрацовак, запісаных спецыяльна для праектаў, прысвечаных сусветна вядомым зоркам музыкі: гурта «Depeche Mode» — «Enjoy The Silence» (праект «Personal Depeche»), «Pink Floyd» — «Another In The Wall» (праект «Беларускі глёбус»).

12.

У 2008 годзе на фестывалі «Кліп-марафон» музычнае відэа гурта «Крама» на песню «Падае дождж» (рэжысёр А. Асадчы) было прызнана лепшым.

13.

Для футбольнага клуба «Дынама–Брэст» «Крама» стварыла гімн каманды. У яго аснову лягла мелодыя песні «Бяжы хлопец» на новы тэкст. Прэзентацыя гімна клуба адбылася падчас канцэрта «Дынама—Брэст Рок-Фэст», які адбыўся ў межах падрыхтоўкі да матчу з бабруйскай «Белшынай».


afisza_kancerta_kramy.jpg


Безумоўна, усё гэтыя факты не могуць поўнасцю адлюстраваць багаты творчы шлях беларускіх музыкаў. Але іх лёс, як і лёс іншых «генералаў айчыннага року», сведчыць: таленты ў нашай краіне не перавяліся.

І прыхільнікі айчыннай рок-музыкі здолеюць у гэтым пераканацца: 12 лістапада ў канцэртнай залі «Prime Hall» пры падтрымцы сяброў з гуртоў «Neuro Dubel», «Trubetskoy», «J:Морс», «Палац» адбудзецца юбілейны канцэрт «Крамы». Там можна будзе атрымаць адказ на пытанне: «Што дапаможа нам?» — «Толькі рок-н-рол!»