Дачка Лявона Вольскага выпусціла першы альбом
Адэля Вольская — дачка легендарнага Лявона і дачасна памерлай Ганны Вольскіх — прэзентавала на TuzinFM сваю першую паўнавартасную працу пад назвай «Казка», паведамляе «Радыё Свабода».
У песні дзяўчына расказвае ўласную гісторыю жыцця ад падлеткавага ўзросту да сёння.
Упершыню пра свае музычныя амбіцыі Адэля заявіла летась, калі на той жа пляцоўцы прэзентавала дыск «Усё атрымаецца». А ўжо ў канцы сёлетняй восені спявачка давяла да ладу поўнафарматны альбом, у які ўвайшло 9 песень.
«„Казка“ — гэта мікс усяго, што мяне напаўняе, — дзеліцца Адэля з TuzinFM. — Незвычайнае гучанне і досыць просты тэкст — мой падыход да песень. Я веру, што ўсе людзі, нягледзячы на руціну ды ўнутраныя перажыванні, дзесьці ў глыбіні сэрца мараць пра цуды, вось менавіта пра гэта мой альбом».
Паводле экспертаў TuzinFM, у музычным плане альбом досыць разнастайны, тут адчуваецца і кантры, і рэгі, і адгалоскі джазу.
Альбом запісваўся ў польскім Вроцлаве, дзе пасля заканчэння Коласаўскага ліцэю вучыцца Адэля Вольская. Усе тэксты ўласнага аўтарства, музычныя партыі дапамаглі запісаць цяперашнія і былыя аднакурснікі. Неўзабаве ў падтрымку альбому мае выйсці кліп.
Спявачка кажа, што ўжо мае матэрыял і натхненне на другі альбом.