«Далiна Руж» у Гістарычным музеі

Ружаны — гарадок, які мае багатую гісторыю і ўнікальную архітэктуру.

afisza_dalina_ruz.jpg

10 сакавіка 2021 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё фотавыставы «Далiна Руж» секцыі «Аналагавы Фотаздымак» грамадскага аб’яднання фатографаў.

Выстава «Далiна Руж» з’яўляецца вынікам творчых фотапленэраў, якія расцягнуліся на некалькі гадоў, і па ліку будзе трэцяй; у далёкім 1988 годзе адбылася першая фотавыстава, другая — у 2008 годзе, з розніцай у 20 гадоў.

Ружаны — менавіта так называецца маленькі горад, які знаходзіцца ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Месца мае багатую гісторыю і ўнікальную архітэктуру. Першая згадка яго сустракаецца ў старых гістарычных летапісах каля 1490 года. Ключавой славутасцю горада Ружаны, дзякуючы чаму гэты горад і атрымаў такую шырокую вядомасць, з’яўляецца палацавы комплекс Сапегаў — цэнтральная рэзідэнцыя аднаго з найбагацейшых магнацкіх родаў нашай краіны. Палац быў пабудаваны ў 1602 годзе канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Вельмі добра ўмацаваны ў тыя часы, ён мог цалкам быць ахарактарызаваны як замак. У другой палове XVIII стагоддзя яго перабудавалі. Падчас Першай сусветнай вайны здарыўся моцны пажар, частка сцен палаца абвалілася. У міжваенны перыяд прадпрымаліся спробы аднаўлення, але Другая сусветная вайна пагоршыла сітуацыю. У 2008 годзе на тэрыторыі комплексу былі распачаты раскопкі і рэстаўрацыя.

Цікавасць да Ружанаў не вычэрпваецца адным толькі палацавым комплексам. Тут ёсць і іншыя архітэктурныя славутасці. Адной з іх з’яўляецца царква святых Пятра і Паўла (у цяперашні час функцыянуе), якая раней уваходзіла ў склад уніяцкага манастыра. Храм быў пабудаваны ў 1778 годзе. Аўтарам праекта з’яўляецца саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бэкер.

Фатографы не маглі пакінуць па-за ўвагай і іншае тварэнне Яна Бэкера — каталіцкі касцёл святога Казіміра, заснаваны ў 1792 годзе. Будаўніцтва яго было звязана з мошчамі святога Казіміра, якія з сярэдзіны XVII стагоддзя захоўваліся ў ружанскіх уладаннях Сапегаў. Святы Казімір — афіцыйны заступнік горада, аб чым сведчыць і герб Ружан.

Шмат легенд і адкрыццяў тоіць у сабе гэты маленькі, але багаты на спадчыну гарадок Ружаны. Даўняя легенда аб падземнай дарозе, якая вядзе ў іншы горад, бударажыла фантазію ўдзельнікаў экспедыцыі, але яны так яе і не знайшлі.

Няма нічога больш цікавага і захапляльнага, чым вандроўкі і новыя адкрыцці. Кожны куток нашай краіны тоіць у сабе вялікую гісторыю.

afisza_dalina_ruz__1_.jpg


Удзельнікі экспедыцыі: Вікторыя Розум, Таццяна Заранок, Анастасія Шпакава, Надзея Паўлава, Аленка Данброва, Галіна Ламака, Дзяніс Співак, Сяргей Кулагін, Яўген Гараўскі, Уладзімір Пехцераў, Віталь Ціхаміраў, гісторык Валянцін Калнін, Уладзімір Суцягін.

Куратар і ідэйны натхняльнік выставы і секцыі «Аналагавы Фотаздымак» — Уладзімір Суцягін.

Выстава працуе па 28 сакавіка 2021 года.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12.

тэл. (017) 374-35-32, 374-83-22

Паводле прэс-рэлізу