Далучыцца да выдання сучаснай беларускай аўдыякнігі можна толькі да 24 кастрычніка

Аргкамітэт Прэміі Гедройца распачаў збор сродкаў на выданне ў аўдыяфармаце адной з шасці кніг, якія ўвайшлі ў сёлетні шорт-ліст. Кнігі будуць распаўсюджвацца перадусім сярод невідушчых,

1260x7085b1fcb144c69a09caceb998f12237728243e627c.png

Сучасная беларуская літаратура з вялікімі цяжкасцямі праторвае сабе дарогу да чытача, у прычынах гэтага можна разбірацца бясконца, аднак па сутнасці сёння кожны можа купіць кнігу беларускага пісьменніка. Але мы рэдка задумляемся, што ў Беларусі жывуць людзі, у якіх фактычна няма шанцаў пазнаёміцца з нашай літаратурай — гэта людзі з інваліднасцю па зроку. Паводле інфармацыі БелТІЗ, такіх людзей у краіне каля 50 тысяч чалавек, з якіх 20 тысяч — гэта асобы з найбольш сур'ёзнымі формамі захворвання.
Калі казаць пра беларускамоўныя аўдыякнігі, то ў выпадку з класікай усё не так і дрэнна (хаця спіс найменняў усё адно даволі абмежаваны): можна паслухаць творы, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа, Івана Шамякіна. Безумоўна, за ўвесь час існавання Беларускае радыё зрабіла значны ўнёсак у агучванне літаратуры, таксама ёсць іншыя незалежныя ініцыятывы, якія працуюць на гэтай ніве. Аднак з самай свежай актуальнай сучаснай беларускай літаратурай у гэтай галіне вялікі прабел.
Штогод літаратурная прэмія Гедройца ўручаецца за найлепшы празаічны твор выдадзены па-беларуску ў папярэднім годзе. Лонг-ліст і шорт-ліст гэтай прэміі становяцца пэўнага кшталту спісам найлепшых кніг, якія былі напісаныя па-беларуску за апошні час.
Сёлета шорт-ліст з 6 кніг ужо вызначаны журы:
Уладзімір Арлоў. «Танцы над горадам»Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Эўропы»Адам Глобус. «Сям’я»Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»Павел Севярынец. «Беларусалім»Анка Упала. «На заснежаны востраў»
Менавіта з аднаго з гэтых твораў плануецца зрабіць аўдыякнігу, якая ў першую чаргу будзе бясплатна распаўсюджвацца сярод людзей з інваліднасцю па зроку.
На выбар кнігі, якая ў выніку будзе агучана, уплываюць спонсары і спонсаркі. Той, хто абярэ лот за 20 ці 50 рублёў, можа прагаласаваць за твор, які варта зрабіць аўдыякнігай.

Каб падтрымаць кампанію, дастаткова мець банкаўскую картку, выбраць адзін з лотаў тут і ўвесці дадзеныя карткі.
Увага! Стаць сувыдаўцам кнігі можна толькі да 24 кастрычніка!