Дэкор сцен як мастацтва
У Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспануецца выстава “Дэкор сцен як мастацтва”. У экспазіцыі — лепшыя працы ўдзельнікаў III конкурсу майстроў дэкору. Выстава адлюстроўвае адраджэнне старадаўніх страчаных навыкаў дэкарыравання сцен, здаўна вядомых на Беларусі.
![dekor_2.jpg dekor_2.jpg](/img/v1/news/full/dekor_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтае майстэрства спецыялісты лічаць адным з відаў ужытковага мастацтва на стыку архітэктурнага дызайну і жывапісу, вынікам спалучэння будаўнічых тэхналогій з мастацкай творчасцю.
На выставе таксама дэманструюцца лепшыя праекты беларускіх дызайнераў і архітэктараў, якія ўдзельнічалі ў I конкурсе, арганізаваным італьянскай кампаніяй “Ойкас” — адным з сусветных лідараў у галіне вытворчасці дэкаратыўных матэрыялаў — фарбаў, тынковак і дэкаратыўных пакрыццяў, якія экспартуюцца ў 73 краіны свету.
![dekor_1.jpg dekor_1.jpg](/img/v1/userfiles/images/dekor_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абавязковай умовай конкурсаў з’яўлялася выкарыстанне матэрыялаў кампаніі “Ойкас”. Акрамя прафесіяналаў у галіне дызайну і дэкору з розных гарадоў краіны, у конкурсах удзельнічалі студэнты-дызайнеры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Вечарам 13 чэрвеня міжнароднае журы з удзелам беларускіх і італьянскіх спецыялістаў уганаравала ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсаў, якія ўзнагароджаны паездкай у Італію, дзе з 17 па 21 верасня пазнаёмяцца з дзейнасцю кампаніі, з традыцыямі італьянскай школы аздаблення інтэр’еру, а таксама з гістарычнай спадчынай краіны.
![dekor_balestri.jpg dekor_balestri.jpg](/img/v1/userfiles/images/dekor_balestri.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэзідэнт кампаніі “Ойкас” Клаўдзіа Балестры адзначыў дынамічныя змены ў архітэктурным вобліку беларускай сталіцы, паведаміў, што кампанія 15 гадоў прысутнічае на беларускім рынку, а таксама запрасіў удзельнікаў адкрыцця выставы на святкаванне 30-годдзя кампаніі, што адбудзецца ў сярэдзіне чэрвеня наступнага году ў адным з мінскіх паркаў з удзелам музычных і танцавальных калектываў.
Выстава працуе да 15 чэрвеня.