Драўляныя апосталы вярнуліся ў гарадзенскі Кафедральны касцёл

Двух драўляных апосталаў з фасаду Кафедральнага, былога езуіцкага, касцёла ў Горадні вярнулі на месца пасля рэстаўрацыі. Кожны вышынёй каля двух з паловай метраў і важыць прыблізна паўтоны.



Яны стаялі ў нішах пад снегам і даждждом і былі ў аварыйным стане. Іх знялі ў лютым і вярнулі назад праз сем месяцаў. Апосталу Пятру, які стаіць у левай нішы, пазалацілі вялікі ключ, а апосталу Паўлу, што займае правую, — меч (глядзі на здымках). Кожны трымае таксама разгорнутую кнігу, якія пакрылі срэбнай фальгой. Усе працы выканалі рэстаўратары Уладзімір Кіслы (Горадня) і Мікалай Лёля (Менск). Для гэтага былі выкарыстаныя сусальнае золата і срэбра.
Драўляныя вулічныя скульптуры сёння рэдкая з'ява для Беларусі, іх захавалася вельмі мала. Пробашч Ян Кучынскі зрабіў дапушчэнне, што драўляныя апосталы стаяць на фасадзе з часоў пабудовы храма — у 1663 годзе. Гэта выклікала скептычную рэакцыю некаторых гісторыкаў, якія палічылі, што такі доўгі час скульптуры не ператрывалі б.
Уладзімір Кіслы, аднак, мяркуе, што драўляныя апосталы цалкам могуць быць равеснікамі храма. Яны выраблены з лістоўніцы, якія растуць на Гарадзеншчыне. Са спіны яны выдзеўбаныя — як рабілі некалі чоўны, каб дрэва не лопалася. 
Яно было добра апрацаванае старымі майстрамі, кажа Кіслы, таму лёгка рэжацца. Тым часам як хваёвыя пароды не вельмі прыдатныя як матэрыял для скульптара. 
Кансервацыя і рэстаўрацыя старых скульптураў працягвалася два з паловай месяцы, сказаў Уладзімір Кіслы. Паасобныя страчаныя часткі былі выкананыя з лістоўніцы, прывезенай з Мастоў. Прасушыўшы растрэсканыя скульптуры пры вулічнай тэмпэратуры (трымалі пад паветкай), а затым у памяшканні, іх ачысцілі ад наслаенняў старой фарбы, апрацавалі і пакрылі фарбай. Цяпер яны выглядаюць як новыя.
svaboda.org