Два выбітных беларусы – Аляксандр і Алесь
У Мінску ўшанавалі памяць лідара рок-гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандра Кулінковіча і заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая, якія заўчасна пайшлі з жыцця ў жніўні.

Імпрэза прайшла ў кіназалі velcom-сінема і сабрала як сяброў ды родзічаў гэтых выбітных суайчыннікаў, так і проста людзей, якім імёны Ліпая і Кулінковіча не абыякавыя.
Арганізатарам імпрэзы быў вядомы сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык. Ён пазнаёміўся з Кулінковічам гадоў восем таму і адразу адкрыў у гэтым неардынарным чалавеку не толькі адметнага музыку і выканаўцу, але яшчэ і паэта ды незвычайна таленавітага актора. Курэйчык зняў Кулінковіча ва ўсіх трох фільмах, якія паспеў зрабіць да гэтага часу. Па словах майстра, гэтых фільмаў магло б быць і болей, але няўмольны лёс, смерць, якая забрала Аляксандра, парушыла ўсе планы на будучыню.

З подыюму сваімі ўспамінамі пра Кулінковіча падзяліліся ягоныя калегі – музыкі “Нейра Дзюбеля”, бяззменным лідарам і фронтмэнам якога быў Аляксандр, вядомыя музыкі Ігар Варашкевіч з “Крамы”, Аляксандр Памідораў, некаторыя іншыя.

На гэтай жа імпрэзе ўшанавалі памяць і Алеся Ліпая. Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, Алесь быў не толькі цудоўным журналістам, але і выбьітным паэтам, цудоўным арганізатарам. Цяперашні кіраўнік БелаПАН Дзмітры Наважылаў дадаў, што Алесь Ліпай быў вельмі разнабаковым чалавекам, які мог спалучаць у сабе розныя таленты – ад паэта да бізнесоўца, ад журналіста да прадусара. Так, Алесь Ліпай быў сапрадусарам камедыі Курэйчыка “Party-zan Фільм”.

Кампазітар і спявак Зміцер Вайцюшкевіч распавёў, што планавалася стварэнне цэлага альбома на вершы Ліпая, а пры жыцці Алеся былі напісаныя тры песні, адну з якіх Зміцер выканаў. Ён паабяцаў, што налета альбом будзе запісаны цалкам.

Пры канцы імпрэзы прысутныя пабачылі фільм Андрэя Курэйчыка “ГараШ”, галоўныя ролі ў якім выканалі Аляксандр Кулінковіч і яшчэ адзін саліст “Нейра Дзюбеля” Юры Навумаў.

25 кастрычніка ў “Прайм-холе” адбудзецца вялікі канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча. Разам з музыкамі “Нейра Дзюбеля” ягоныя песні выканаюць Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч (“Крама”), Алег Хаменка (“Палац”), Уладзімір Пугач (“J:Морс”), Аляксандр Памідораў і многія іншыя вядомыя выканаўцы. Сабраныя грошы пойдуць на помнік выбітнаму беларускаму музыку.