Дызайнер алімпійскай формы: чырвона-зялёнае для ўсіх ужо цяжка

27 чэрвеня у Нацыянальным алімпійскім камітэце прэзентуюць парадную і спартыўную форму беларускіх алімпійцаў. Паказ праходзіць для вузкага кола людзей з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

latuszkina_1_1.jpg


"Еўрарадыё" сустракаецца з дызайнерам параднай вопраткі алімпійцаў Юліяй Латушкінай, якая паказвае першапачатковыя эскізы і распавядае пра тое, што натхняла і з чым давялося змагацца, каб прасунуць свой варыянт.
Еўрарадыё: Ад чаго вы адштурхоўваліся падчас стварэння формы?
Юлія Латушкіна: Задача, якую паставілі перада мной — зрабіць такую форму, каб спартоўцаў было бачна, і касцюмы мусяць перадаваць нацыянальнасць. А ў нас жа вельмі глыбокі арнамент, у кожнага сімвала ёсць сваё абазначэнне. Стагоддзямі людзі ўкладвалі ў свой касцюм розныя рэчы, каб іх жыццё складалася добра. Адпаведна, калі я пачала распрацоўку, то першая тэма, якую я туды ўклала, быў васілёк. Першая форма была сіняга колеру. За аснову быў узяты васілёк, выяву якога мы крыху дапрацоўвалі, дадавалі нейкія элементы.
У выніку форма была прынятая. Але кіраўнік краіны папрасіў мяне зрабіць форму такой, каб яна больш адлюстроўвала нацыянальнасць. То бок змяніць колер. У першым варыянце мы наадварот спрабавалі ад гэтага адысці, бо чырвона-зялёнае для ўсіх ужо цяжка. Яно амаль не спалучаецца… Хіба дзе-небудзь у Гучы гэта магчыма, але мы ж не можам зрабіць прадукт, які будзе чырвона-зялёным і падобным да вядомага брэдна.

Кнігі па нацыянльных касцюмах Беларусі на паліцах у шоў-руме дызайнера

Кнігі па нацыянльных касцюмах Беларусі на паліцах у шоў-руме дызайнера


Таму другі варыянт формы мы пачалі распрацоўваць ужо з арнаментам. Я прынесла ў НАК некалькі варыянтаў і яны абралі менавіта варыянт прыналежны да беларускага традыцыйнага ручніка. З гэтага і нарадзілася чырвона-шэрая форма. Зноў жа, было прапанавана некалькі варыянтаў: і ў шэрай гаме, і ў белай, і ў карычневай гаме, і ў чыста чырвонай… Але падчас распрацоўкі было вырашана, што аптымальным варыянтам будуць шэрыя штаны і чырвоны пінжак. Бо чырвоны прыцягвае вока і мае вельмі яскравае абазначэнне.
Калі ў сіняй форме ў самім арнаменце ў нас выкарыстоўвалася 7-8 колераў, а гэта вельмі складана воку разабраць, бо вока бачыць аб’ём, то ў шэрай форме арнамент складаецца толькі з 4-5 колераў. Мы выбралі максімальна падобнае да ручніка спалучэнне.

Першы, "васільковы" варыянт формы

Першы, "васільковы" варыянт формы


Еўрарадыё: То бок сінюю форму, спартоўцы на алімпіядзе насіць не будуць?
Юлія Латушкіна: Так! Яна будзе адшывацца толькі для масавага карыстання.


У выніку мы ўклалі ў арнамент дабрабыт, прыязнасць і поспех


Еўрарадыё: Арнамент на форме мае значэнне, ці гэта агульная стылізацыя?
Юлія Латушкіна: Мы выбіралі канкрэтныя сімвалы, там жа кожны маленькі элеменцік нешта азначае. Шчыра кажучы, першы арнамент зрабілі без пэўнага разумення, але потым узялі кнігу па арнаменце і пачалі раскладаць яго на складнікі. Самае яскравае з таго, што мы ў выніку ўклалі ў арнамент — дабрабыт, прыязнасць і поспех. Мне падаецца, што нават на падсвядомасці людзям прыемна, што на іх майцы нешта абазначае поспех. Ведаеце, нехта павязвае стужку на руку на поспех, нехта не здымае крыжыкі ці ўпрыгожванні, якія асацыююцца з перамогай… Прыемна, што падчас прэзентацыі спартоўцы звярнулі ўвагу, што арнамент мае значэнне, падыходзілі да мяне з падзякамі.


Такога яшчэ не было ў гісторыі беларускага алімпійскага касцюма


Еўрарадыё: Супрацоўніцтва з НАК было шчыльным ці далі яны вам магчымасць усё вырашаць самой?
Юлія Латушкіна: На пачатку ніякіх абмежаванняў не было. Але потым пачалі тармазіць мяне. Але гэта і правільна, бо мастака нельга адпускаць на самацёк. У мастака ў галаве столькі ідэй і магчымасцяў, што гэта нешта неверагоднае.
Першая стадыя зацвярджэння касцюмаў была ў лістападзе, другая — напрыканцы снежня. І я вам скажу, што на кожным этапе, калі быў першы адшыў вопраткі, заўсёды мяне ў нечым папраўлялі. Бо ў формы ёсць пэўныя нормы, якіх трэба прытрымлівацца. Гэта усё роўна дзелавы стыль, класічныя касцюмы, ад якіх ты адыйсці не можаш. Ва ўсялякім выпадку, пакуль наша краіна не гатовая да кардынальных зменаў. Таму мы стараліся ўсе гэтыя рэчы выконваць.
Тут яшчэ варта адзначыць, што ў спартоўцаў вельмі цяжкая фігура, асабліва ў цяжкаатлетаў. Дарэчы, хачу сказаць, што тыя спартоўцы, з якімі я мела стасункі, аказаліся вельмі добрымі. Іх спартовае адгалінаванне вельмі цяжкое, жорсткае, падаецца, што і характары ў іх мусяць быць такімі ж… моцнымі… Пра характар дакладна не ведаю, але мне падалося, што яны ўсе вельмі мяккія, камунікабельныя, рахманыя людзі. Яны засяроджаныя на сваёй справе, і гэтая вопратка ім (асабліва тым, хто ў цяжкіх дысцыплінах) ніякай ролі не выконвае. Калі б яны думалі пра свой выгляд, то, напэўна, не займаліся б такімі відамі спорту.
Дык вось, на іх вельмі складана апрануць класічны з жорсткім плячом касцюм. Калі я ўбачыла цяжкаатлета, які ростам 198 сантыметраў і побач можа схавацца тры мяне, я на яго глядзела і не магла зразумець, які расход матэрыялу патрэбны для гэтага чалавека. Таму я вырашыла зрабіць крок у бок спартоўцаў. Такога яшчэ не было ў гісторыі беларускага алімпійскага касцюма.
Я настойвала, каб былі мяккія рэчы, то бок трыкатажныя майкі. Бо яны не будуць насіць кашулі, ім у іх нязручна, яны не будуць насіць касцюмы ніколі. Калі вы жадаеце, каб спартоўцы ішлі на парадзе сапраўды камандай, каб яны ўвогуле пажадалі апрануць гэтую форму на парад, то трэба ў прынцыпе прыбраць абцасы і зрабіць ім камфортны верх. Трэба ж разумець, што калі ў мужчыны раскачаныя ногі, то як бы ты ні жадаў зрабіць элегантныя штаны, яны проста не атрымаюцца. Вось на гэтым я настойвала.
Тры адзінкі вопраткі ў выніку ўсё ж адсеклі, былі майкі-пола, якія больш афіцыйныя за звычайныя майкі, і ў дзяўчат былі сукенкі цалкам у арнаменце. Гэтую вопратку прыбралі з камплектаў, бо ёсць бюджэт на кожнага спартоўца. Але пакінулі хаця б майкі. Хаця б штосьці, бо, як высветлілася, для іх гэта мае вялікую ролю, бо зручна. На прэзентацыі асабліва цяжкаатлеты падыходзілі і казалі дзякуй, што нехта пра нас падумаў. Таму, насамрэч, я вельмі задаволеная працай.

"Адсечаная" з алімпійскага камплекту сукенка, якая будзе прадавацца ў крамах

"Адсечаная" з алімпійскага камплекту сукенка, якая будзе прадавацца ў крамах

latuszkina_9.jpg



Спартоўцы мне распавялі, што мінулую форму пакідалі ў шафе ці апраналі не поўны камплект, а абутак не абувалі ў прынцыпе


Еўрарадыё: А ўвогуле, да таго, як пачаць працу над формай, вы размаўлялі са спартоўцамі, пыталіся пра іх пажаданні?
Юлія Латушкіна: Гэта першае, што я зрабіла яшчэ ў кастрычніку. Проста мая мама ў мінулым трэнер па мастацкай гімнастыцы, а цёця дагэтуль трэнер па грэблі. Нават размаўляючы з імі я пыталася, што зручна, што не, як варта, як не варта рабіць… ну і папрасіла арганізаваць сустрэчу з некалькімі спартоўцамі, якія ўжо выступалі на алімпіядзе і ведаюць хібы мінулай формы. Яны мне дакладна распавялі, што ім нязручна, распавялі, што мінулую форму пакідалі ў шафе ці апраналі не поўны камплект, абутак не абувалі ў прынцыпе, бо прайсці 4-5 кіламетраў на танкетцы немагчыма.
На жаль, нормы не дазвалялі ім даць басаножкі. Але ў выніку абутак атрымаўся на 100% зручны і яны могуць цяпер зрабіць выбар, абуць яго разам з майкай ці з пінжаком з кашуляй. То бок і так, і так яны будуць выглядаць адзінай камандай.

Спартовая форма беларускіх алімпійцаў, зробленая літоўскай фірмай

Спартовая форма беларускіх алімпійцаў, зробленая літоўскай фірмай


sport_3.jpg


Еўрарадыё: Наконт спартовай формы. Вы размаўлялі з яе распрацоўшчыкамі, ці гэта былі два паралельныя праекты ніяк не звязаныя паміж сабой?
Юлія Латушкіна: Першапачаткова гэта былі розныя праекты. Але, калі пачаўся другі этап працы, мы размаўлялі з літоўскай кампаніяй "Аўдзімас", паспрабавалі дасягнуць пэўнага адзінства. У вопратцы "Аўдзімаса" дробны яркі арнамент, які пераплятаецца з матывамі Рыо, дзе і будзе праходзіць Алімпіяда. І мы таксама зрабілі арнамент больш дробным. У форме "Аўдзімаса" перасякаюцца беларускі сцяг і нацыянальныя матывы Рыо, якія больш яркія, там і жоўты, і сіні колеры, а ў нас форма больш беларуская па колерах: шэры, чорны і два адценні чырвонага (больш пунсовы і, такі, крывавы).

Тлумачэнні ўзору на спартовай форме

Тлумачэнні ўзору на спартовай форме


Еўрарадыё: Усе алімпійскія калекцыі будуць прадавацца ў крамах. А ці вядома, колькі яны будуць каштаваць?
Юлія Латушкіна: Першапачаткова хацелі, каб гэтая форма засталася толькі ў спартоўцаў, але падчас працы было вельмі шмат запытаў. Відаць, пра гэта даведаўся і кіраўнік краіны, таму было прынятае рашэнне, адшыць форму для масавага карыстання. Але яна будзе прадавацца толькі ў спецыялізаваных спартовых крамах. Я не магу зарыентаваць на коштах. Бо ёсць нюансы па тканінах. Калі па трыкатажы я працавала са Світанкам, то касцюмы шые Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне справамі прэзідэнта, прычым, індывідуальна пад кожнага сапартоўца. Пра кошты можна будзе размаўляць пазней. Але дакладна яны будуць даступныя.
Еўрарадыё