Дзе павінен быў стаяць Вітаўт і чаму не з’явіліся помнікі Каліноўскаму і Багдановічу ў Гродна?

Аказваецца, драўляную статую Вітаўта ў 1992 годзе павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але па збегу абставін помнік апынуўся ў Гродне і быў усталяваны каля замкаў. Гісторыю ўстаноўкі скульптуры вялікага князя распавёў Hrodna.life былы старшыня гродзенскай краязнаўчай асацыяцыі Андрэй Майсяёнак.

16_1_3.jpg

У канцы лістапада пасля аднаўленчых работ драўляную статую Вітаўта вярнулі да гродзенскіх замкаў. Ратаваў скульптуру разьбяр па дрэве Мікалай Скляр. Пасля ён адзначыў, што помнік яшчэ 5 гадоў дакладна прастаіць. Да аднаўлення ён прастяў каля замкаў 25 гадоў.

«Падорым помнік, вы толькі пастаўце яго»

Вядома, што драўляны Вітаўт быў зроблены ў пачатку 1990-х гадоў і быў падораны Гродзенскаму рэгіёну ад літоўскага Фонду культуры. Усталяваць помнік павінны былі ў 1993 годзе ў былым маёнтку Востраў пад Лідай напярэдадні юбілейнай даты – 600-годдзя падпісання Востраўскага пагаднення.
«Набліжалася вялікая юбілейная дата. Для нашага рэгіёну гэта сапраўды была важная падзея, бо на тэрыторыі Гродзеншчыны і адбывалася падпісанне саюза паміж двума варагуючымі братамі Вітаўтам і Ягайлам. Я задумаў увекавечыць гэту гістарычную падзею. Ад свайго імя напісаў у літоўскі Фонд культуры, каб яны нас падтрымалі ў задумцы з помнікам Вітаўту. А яны імгненнем адказалі: мы падорым вам помнік, вы толькі пастаўце яго. У іх, напэўна, ужо быў такі Вітаўт, бо не паспеў я азірнуцца, як драўляны помнік прывезлі ў Ліду».



12_1_1.jpg

Вырашылі адмовіцца ад усталявання помніка ў Лідзе

На скульптуры быў зроблены спецыяльны надпіс аб юбілейнай даце і вялікім князю Вітаўту на дзвюх мовах: беларускай і літоўскай. Заставалася справа за ўзгадненнем і ўстаноўкай.

«Помнік быў гатовы, і я пайшоў да тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Арцымені. Прапанаваў ставіць, бо рашэнне краязнаўчай асацыяцыі было і камісія абласнога савета народных дэпутатаў лічыла мэтазгоднай устаноўку помніка ў Лідзе ў сувязі з юбілейнай датай. Але вось чамусьці мясцовыя краязнаўцы сталі блытацца ў месцы для ўстаноўкі і ў выніку ўлады сталі ўстаўляць палкі ў колы – вырашылі адмовіцца ад усталявання помніка. Я стаў чакаць і верыў, што прыйдзе час Вітаўта. Прайшоў некаторы час, і нечакана забіваюць Арцыменю. Новым старшынёй абралі Сямёна Домаша. Я зразумеў, што трэба дзейнічаць, і зноў пайшоў да старшыні з пытаннем аб усталёўцы помніка».

Каля Каложы небяспечна – могуць спаліць

Домаш зацікавіўся драўлянай скульптурай Вітаўта і прапанаваў гарвыканкаму разгледзець устаноўку ў Гродне. Помнік ўвесь гэты час знаходзіўся на аўтабазе ў Лідзе. «Справу перадалі ў гарвыканкам. У той час пасаду намесніка старшыні па культуры займаў Аляксандр Мілінкевіч. Разам з ім мы паехалі ў Ліду і прывезлі помнік у Гродна. Ён там проста валяўся і нікому не быў патрэбны. Гарадскі савет прыняў рашэнне аб устаноўцы помніка ў Гродне. Запыталіся ў мяне: дзе б ён лепш глядзеўся? Я прапанаваў месца каля Каложы, але сказалі, што там небяспечна – могуць падпаліць драўляную скульптуру. Тады выбралі месца каля замкаў. Я быў вельмі задаволены, што гэтае пытанне здолелі вырашыць і Вітаўта ўсё ж такі ўсталявалі ў канцы 1993 года. У гэтым вялікая заслуга Мілінкевіча. Так, помнік прызначаўся для Ліды, але ўсталяваць там не атрымалася. У Гродне ён добра глядзіцца і заняў годнае месца каля замкаў. Вітаўт мае вялікае гістарычнае значэнне для Гродна. Літоўцы, калі прыязджалі ў 1990-х да нас у горад, то заўсёды захапляліся помнікам, казалі, што падобны ў іх у Троках стаіць. Два помніка — гэта справа рук аднаго майстра. Дарэчы, трэба падрыхтаваць дакументы і гістарычную даведку, як з’явіўся помнік Вітаўту ў Гродне, хто гэта рабіў і многае іншае. А гэта, у першую чаргу, дар нашаму рэгіёну ад літоўскага фонду культуры».


«Мы не паспелі, памянялася ўлада»

Андрэй Майсяёнак шкадуе, што не паспеў рэалізаваць планы ўстаноўкі помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Максіму Багдановічу. Да рэалізацыі гэтых праектаў было практычна ўсё падрыхтавана.
«Было прынята рашэнне абласнога савета аб усталяванні ў Гродне двух помнікаў: Кастусю Каліноўскаму замест Сакалоўскага з пераносам апошняга на вуліцу Перамогі, і Максіму Багдановічу ў невялікім скверы на Тэльмана. Рашэнне было, але пытанне чамусьці падвісла ў часе. Яго ніхто не адмяняў, але помнікі не з’явіліся ў Гродне. Мы не паспелі, памянялася ўлада. А да гэтага мы вялі вельмі актыўнае жыццё: праводзілі канферэнцыі, усталёўвалі памятныя дошкі, папулярызавалі нашу гісторыю па ўсіх напрамках. Да сваёй спадчыны былі зусім іншыя адносіны. Прайшло столькі гадоў, і пасля працяглага прастою ў нас зноў ідзе адраджэнне беларускай культуры. Аднаўляюцца замкі і ўсталёўваюцца помнікі. Дзяржава зразумела, што турызм — вельмі важны артыкул даходаў, а каб ён быў, трэба мець турыстычны прадукт. Хочацца верыць, што помнікі вядомым дзеячам, якія павінны былі быць усталяваны яшчэ 1990-х гадах, усё ж такі з’явяцца ў цэнтры Гродна».
hrodna.life