Дзеці могуць запрасіць мам на бясплатныя экскурсіі ў гістарычны музей

Акцыя "Музей у падарунак маці" пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі 13-14 кастрычніка, піша «Звязда».

58da5a8c817ea_museum.jpg


"Такі праект, калі акцэнт зроблены на сямейнае наведванне, арганізаваны ў Гістарычным музеі ўпершыню. Умовы акцыі простыя: усе мамы, якія прыйдуць у гэтыя выходныя з дзецьмі ў наш музей, атрымаюць бясплатны білет на асноўную экспазіцыю. Для дзяцей дашкольнага ўзросту білет таксама будзе бясплатным, для школьнікаў ён будзе каштаваць Br4, для астатніх дарослых членаў сям'і — Br7. Дзецям бывае складана выбраць падарунак сваім мамам, таму мы вырашылі ім у гэтым дапамагчы. Упэўненыя, што мамы таксама ацэняць гэта", — паведаміла БЕЛТА навуковы супрацоўнік аддзела музейных камунікацый Алена Бухал.

Паводле слоў Алены Бухал, паход у музей стане сапраўдным святам для кожнай сям'і. "Будзе працаваць уся пастаянная экспазіцыя музея. У прыватнасці, цяпер у нас праходзіць выстава "Срэбны век ювеліраў Расіі". Гэты праект мы рэалізуем сумесна з расійскім Дзяржаўным гістарычным музеем. Акрамя таго, мамы з дзецьмі могуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі. У музеі таксама экспануецца ўнікальная выстава карцін і гістарычных артэфактаў, звязаных з гісторыяй знакамітых дваранскіх родаў Вялікага княства Літоўскага — "Беларусь XVI-XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы". Магчыма, гэты праект кагосьці натхніць на вывучэнне гісторыі сваёй сям'і і складанне генеалагічнага дрэва", — адзначыла навуковы супрацоўнік.

Падчас акцыі "Музей у падарунак маме" Нацыянальны гістарычны музей будзе адкрыты для наведвальнікаў з 11.00 да 19.00 (каса працуе да 18.30)


zviazda.by