Дзень тэатра на VOKA: беларускі спектакль «Шлюб з ветрам» пакажуць на ўвесь свет

27 сакавіка, у Сусветны дзень тэатра, у эфіры VOKA пакажуць спектакль «Шлюб з ветрам» — адну з найгучнейшых прэм’ер апошніх гадоў. Усе ахвотныя змогуць бясплатна далучыцца да трансляцыі з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў любой кропцы свету. Анлайн-паказ пачнецца а 19-й гадзіне па мінскім часе.

szljub_z_vetram_voka.jpg

«Шлюб з ветрам» — гэта тэатральнае вясельнае застолле, дзе ніхто не кажа ні слова, затое ўсе спяваюць. І кожная песня становіцца гісторыяй нечага жыцця або смерці, кахання, болю, радасці ці гора, якая зразумелая і блізкая любому чалавеку. Выкарыстоўваючы прыгажосць і мудрасць беларускага фальклору, аўтары спектакля Кацярына Аверкава і Яўген Карняг разам з акцёрамі даюць гледачу магчымасць пачуць галасы продкаў і адчуць сувязь са сваімі каранямі.
Прэм'ера адбылася ў снежні 2019 года. У 2020 годзе «Шлюб з ветрам» быў адзначаны прэміяй «Тэатральная Беларусь» як найлепшы спектакль у краіне і зараз застаецца адной з найпапулярнейшых пастановак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Далучыцца да прагляду можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў дадатку VOKA альбо на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона.
Паказ спектакля «Шлюб з ветрам» працягвае серыю трансляцый у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, якія відэасэрвіс VOKA пачаў праводзіць у 2020 годзе. Дзякуючы гэтаму гледачы ўжо змаглі ўбачыць анлайн-прэм’еру трагікамедыі «Профіт», спектаклі «Кар’ера доктара Рауса» і «Сірожа», а таксама святочны вечар «Наш Караткевіч», прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.
Паводле прэс-рэліза