Дзіцячыя краскі ў вянок паэту

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 9 студзеня адкрыецца выстава мастацкіх работ навучэнцаў арт-цэнтра «Вулей» па творчасці Максіма Багдановіча «Дзіцячыя краскі ў вянок паэту».

afisza_vystavy_1200_849_px.jpg


Вершы геніяльнага беларускага паэта займаюць пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Талент Максіма Багдановіча заключаецца ў тым, што ён паднімае кола тэм, якія з’яўляюцца вечнымі. Яго вершаваныя радкі былі зразумелыя жыхарам пачатку ХХ стагоддзя, яны турбуюць сучаснага чытача, прычым незалежна ад узросту, адукацыі, прафесіі і месца жыхарства.
Як вынік, паэзія Максіма Багдановіча застаецца запатрабаванай у ХХІ стагоддзі, вабіць і прыцягвае новых чытачоў, знаходзіць водгук у сэрцах, выклікае жаданне тварыць. Сведчаннем таму з’яўляюцца мастацкія работы, музычныя кампазіцыі, драматычныя пастаноўкі, вершы-прысвячэнні творцаў з розных краін, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.
Пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна г.п. Смілавічы» створаны Арт-цэнтр «Вулей» па ініцыятыве праўлення Белгазпромбанка. Мэтай Арт-цэнтра з’яўляецца развіццё здольнасцяў дзяцей, пашырэнне іх мастацкага кругагляду, выхаванне ўмення бачыць твор, ацаніць яго, атрымліваць асалоду ад мастацтва ў самых розных яго формах. Навучэнцы гэтага цэнтра па навучальнай праграме, распрацаванай Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, наведваюць беларускія музеі. Падчас экскурсіі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ўзнікла ідэя стварыць новы мастацкі праект: ілюстраваць творы беларускіх пісьменнікаў і распачаць яго менавіта з вершаў Максіма Багдановіча. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі вучняў Арт-цэнтра «Вулей» да адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».
Уваход на адкрыццё выставы 9 студзеня — вольны. Пачатак у 17:00.Выстава будзе працаваць штодня па 6 лютага з 10:00–19:00.
Імпрэза ў сацсетках: Facebook, Instagram.