Дзяцей да 17 гадоў запрашаюць на дыстанцыйны конкурс выканальнікаў беларускай казкі

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць дыстанцыйны дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі. Любы чалавек узростам да 17 гадоў можа зняцца ў відэа, дзе ён расказвае народную казку, змясціць яго ў сацсетках, пазначыўшы хэштэгам конкурса, і чакаць рашэння журы. Ролік павінны з’явіцца ў інтэрнэце да 25 мая.

Форум даследчыкаў казкі 2018 года. Фота Алены Ляшкевіч

Форум даследчыкаў казкі 2018 года. Фота Алены Ляшкевіч

27-29 мая Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізуе II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. У межах форума праводзіцца Дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці ва ўзросце да 17 гадоў.
Пераможцаў і ўдзельнікаў чакаюць каштоўныя прызы (электронная кніга, гадзіннікі і іншыя падарункі) ад партнёраў форума – кампаніі “Белдзяржстрах” і Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”.
Як узяць удзел у конкурсе:1. Абярыце любімую беларускую народную казку.2. Здыміце відэаролік, у якім вы расказваеце (па-беларуску!) гэтую казку альбо яе самы пазнавальны фрагмент.3. Загрузіце відэаролік да 25 мая ў сацыяльныя сеткі (Tik Tok, Instagram, Facebook, YouTube і інш.) і пазначце хэштэгамі #конкурсказкі2021, #казка2021, #belarusiantails2021.
Увага! Профілі ў сацсетках павінны быць адкрыты на час конкурса.
Да 27 мая экспертнае журы падвядзе вынікі конкурса і вызначыць пераможцаў. Падчас Форума даследчыкаў казкі будуць прадстаўлены лепшыя ролікі, а пераможцы атрымаюць узнагароды ад партнёраў Форума.
Крытэрыі ацэнкі казкі:- казка павінна прагучаць па-беларуску;- выканальніцкае майстэрства і ўменне імправізаваць!
Акрамя дзіцячага конкурсу казкі ў межах Форуму запланавана навуковая канферэнцыя, майстар-клас па выцінанцы, выступленні казачнікаў старэйшага пакалення.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, па тэл. 8(017) 2701803 або на электронны адрас forumtales2021@gmail.com.