Дзяніс Дудзінскі: Настаўнік X-Factor Belarus Саседаў адмовіўся ад удзелу ў праекце
Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі ў інтэрв'ю Youtube-каналу «Свабода Premium» расказаў, што адзін з настаўнікаў X-Factor Belarus, украінскі і расійскі журналіст і музычны крытык Сяргей Саседаў, адмовіўся ўдзельнічаць у музычным конкурсе з прычыны гвалту і рэпрэсій у Беларусі.
Вось што расказаў Дзяніс Дудзінскі, піша «Свабода»:
— Сітуацыя ў Беларусі настолькі дзікая, што людзі ў іншых
краінах проста не могуць уявіць, што гэта сапраўды так. Ты расказваеш украінцам
банальныя, элементарныя рэчы, якія зафіксаваныя ў інтэрнэце, расказваеш пра
прынятыя законы, а ў адказ — «гэтага не можа быць, таму што не можа быць, вы,
напэўна, перабольшваеце крыху». І гэта я гавару пра ўкраінцаў, якія ўспрымаюць
нашыя мовы, якія побач і цікавяцца нашымі навінамі.
Мне перад ад’ездам пазваніў Сяргей Саседаў, якога запрашалі
на беларускі X-Factor у якасці выкладчыка, сябра журы. Мы з ім са
«Славянскага базару» даўно маем зносіны. Ён кажа: «Дзяніс, калі я даў сваю
згоду на працу ў X-Factor Belarus, я ведаў, што ў вас там нешта адбываецца.
Думаў, арыштавалі там пару дзясяткаў найбольш заўзятых, ну, магчыма, яны самі і
вінаватыя. Але мне ў Інстаграм у каментарах ад беларусаў прыляцела столькі
нядобрага, што я хуценька пачаў больш глыбока вывучаць гэтае пытанне і
зразумеў, што ў вас сапраўды нешта дрэннае адбываецца».
Я кажу: «Сяргей, тут не тое што дрэннае адбываецца. Я табе
спасылкі магу даслаць, расказаць». «Канечне, Дзёнечка, патлумач усім, я таксама
напішу, што я не буду ўдзельнічаць у X-Factor Belarus. Я ж не ведаў, што гэта ў
вас настолькі». Граматныя, інтэлігентныя, інтэлектуальна развітыя людзі і ў
Расіі, і ва Ўкраіне бачаць нашу сітуацыю зусім інакш...
Настаўнікамі ў праекце X-Factor Belarus павінны былі стаць
спявак і кампазітар Руслан Аляхно, хіп-хоп выканаўца Сяргей Пархоменка, вядомы
пад сцэнічным псеўданімам «Сярога», і расійская спявачка Вольга Бузава.
Тэлевядоўца, шоўмэн, спявак, актор Дзяніс Дудзінскі, які летась выказаўся супраць гвалту сілавікоў, прайшоў праз турму на Акрэсціна і нядаўна праз пераслед уладаў быў вымушаны разам з жонкай Кацярынай Раецкай зехаць ва Ўкраіну.