«Эратычныя танцы» вяртаюцца: Дударскі клуб распачаў новы сезон у Мінску (фота, відэа)

Дударскі клуб (суполка аматараў беларускай дуды) 22 кастрычніка распачаў новы сезон танцавальных вечарын. Глядзіце, як весела прайшла першая сустрэча!

2019_10_23_adkr_dudklub_ul_hudvin_003_logo.jpg

Прапануючы ў рэдакцыі зрабіць артыкул пра адкрыццё новага (між іншым, дзясятага і юбілейнага) сезону сустрэч Дударскага клуба, атрымала згоду ў форме: “А, эратычныя танцы? Ну, давай!” Нагадаю, што мінулы артыкул пра Дудклуб зваўся “Нейкія танцы ў вас… занадта эратычныя”. Закальцоўка часу. Такое ж адчуванне было і на вечарыне: быццам бы перапынку на лета не было, тыя ж людзі, той жа Beer&Wine, той жа дыван на падлозе і тая ж сяброўская атмасфера.


Відэа Насты Духоўнікавай
На вечарынах граюць сярэднявечныя і беларускія традыцыйныя танцы, а таксама танцы розных народаў Еўропы. Прыкладна палова танцаў – парныя, вялікая частка ў коле ці ланцужком. На сустрэчы можна запрашаць танчыць каго заўгодна, таму прыходзіць без партнёра ці партнёркі не страшна. У кола можна далучацца смела, адно пажадана, калі колькасць танцораў дазваляе, каб чаргаваліся хлопцы і дзяўчаты. Прынамсі, калі хлопцаў менш, варта ім станавіцца між дзяўчатамі, а не побач адно з адным. Ад запрашэння ў парны танец не прынята адмаўляцца, але гэта не жорсткае правіла, гвалтоўна ніхто нікога танчыць не пацягне.


Антось Бельскі

Антось Бельскі

Арганізатар сустрэч Дудклуба Антось Бельскі распавядае: “У гэтым сэзоне заплянаваныя тэматычныя вечарыны, у тым ліку прысьвечаныя народным каляндарным абрадам. Будуць цікавыя музычныя госьці, выступы дудароў па прынцыпе вольнага мікрафону, танцы, спевы ды прыемныя сюрпрызы. Прыходзьце!”Вечарыны Дударскага клуба будуць праходзіць праз аўторак у мінскім бары Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Наступная сустрэча – 5 лістапада.


Фота Уладзіміра Гудвіна