Фантастычныя героі зноў сабраліся ў Мінску (фотарэпартаж)

Шосты фестываль фэнтэзі, коміксаў і камп’ютарных гульняў UniCon стартаваў на першых выходных верасня ў межах выставы гульнявой індустрыі Game Expo Minsk.

unicon_2017__pavel_aksinovicz____20__logo.jpg

У футбольным манежы сабраліся аматары звыш 20 сусветаў: ад герояў фільмаў Ціма Бёртана да серыі кампаніі Blizzard.
Сёлета акцэнт зроблены менавіта на відэагульні. Большасць стэндаў прысвечаны гэйм-сусветам і творчасці, паводле якой стварылі гульні.
Тут можна было пабачыць Геральда з раманаў Анджэя Сапкоўскага, Ньютана Саламандру з «Фантастычных звяроў» Джаан Роўлінг, Дэдпула з коміксаў Marvel, Дарта Мола з серыі «Зорныя войны» ды іншых. Самыя якасныя касплэеры ўдзельнічалі ў адмысловым тэматычным дэфіле.


Каля кожнага стэнда праводзіліся цікавыя імпрэзы: віктарыны па веданні фэндома, жывыя квэсты, псіхалагічныя тэсты, настольныя гульні. Асобная зона была адведзена на турнір на Hearthstone — адной з самых папулярных картачных онлайн-гульняў у свеце.  
Кожны ўдзельнік мог завітаць на сустрэчу з пісьменікамі-фанстастамі і аўтарамі коміксаў. Сёлета гэта былі Аляксей Пехаў, Генры Лаён Олдзі, Вольга Грамыка, Аляксей Замскі і Яўген Якаўлеў.
Прэзентаваны быў і новы праект — «Алея аўтараў». Набыць кнігі, атрымаць аўтограф ды пагутарыць можна было з айчыннымі фантастамі: Уладзімірам Садоўскім, Ігарам Шлегам, Максімам Кутузавым ды іншымі.
Праекты, падобныя да UniCon, адбываюцца ў розных краінах. Самы вялікі «злёт гікаў» Comic-Con у Сан-Дыега з 1970 года збірае тысячы прыхільнікаў з усяго свету.