Фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» адмянілі

Фестываль праводзіўся ў Магілёве з 1993 году, апошнім часам раз на два гады. Але сёлета нават не гавораць пра прычыны адмены, піша Свабода.

f21bb913d01c75ee248de294e9ed844a_xl.jpg

Традыцыйны Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў апошні час ладзілі раз на два гады, але сёлета яго адмянілі, піша katolik.life.
Фестываль сёлета мог стаць 24-м, аднак да 30 жніўня інфармацыі пра яго так і не з'явілася, хаця звычайна ён праходзіў увесну ці ўлетку.
Прычыну адмены арганізатары назваць не здолелі. Як мяркуе партал каталікоў, наўрад ці прычынай мог стаць каронавірус — іншыя святы і фэсты, у тым ліку «Славянскі базар у Віцебску», праходзілі.
Фестываль «Магутны Божа» праводзіўся з 1993 году, яго мэтамі ставілася адраджэнне духоўнай культуры на хрысціянскім падмурку, умацаванне і пашырэнне міжнародных сувязяў, аб’яднанне і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне з дапамогай музыкі. Фэст аб’ядноўваў звыш 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін.
У праграме былі конкурсы вакалістаў і харавых калектываў, духоўныя спектаклі, свята звонавай музыкі, канцэртныя выступленні. Таксама ладзіліся канферэнцыі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэлігіі і веравызнання, узаемадзеяння Царквы і дзяржавы.
Фестываль назвалі па вершы «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, які лёг у аснову беларускага духоўнага гімну. Да нядаўняга часу гэтая песня-малітва шырока выконвалася як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкай цэрквах.