Фестываль дзіўнай беларускай музыкі ў Варшаве збярэ грошы на адпачынак дзецям беларускіх палітвязняў
Дабрачынны фестываль Belarus Outside Sound System адбудзецца ў варшаўскай прасторы Kwadrat Praski 1 чэрвеня. Света Бень выступіць супольна з Сяргеем Навіцкім у новым электронным праекце пад назвай WTBSK, а Анастасія Рыдлеўская ўпершыню выступіць жыўцом.
На дабрачынным фестывалі будзе прэзентавана вінілавая плыта з аднайменнай рэйв-складанкай ад беларускіх электронных прадзюсараў.
У Міжнародны дзень абароны дзяцей арганізатары фестывалю — музычная супольнасць Belarus Outside Sound System — прапануюць усім жадаючым паслухаць жыўцом самую незвычайную беларускую музыку і ў падзяку пакінуць данат на летні адпачынак дзецям палітвязняў. Асабліва шчодрыя данатары атрымаюць унікальны вініл у падарунак.
Кожны з 14 артыстаў на фэсце будзе прэзентаваць сваю праграму ці новы складнік лайф-выступу. Света Бень выступіць супольна з Сяргеем Навіцкім у новым электронным праекце пад назвай WTBSK, а Анастасія Рыдлеўская ўпершыню выступіць жыўцом. Таксама на фэсце выступяць Сяргей Пукст са сваім праектам Георгій Дабро, Ганна Жданава, Domsun, PocketRave і Syntrig.
Дыджэй-сэты адыграюць Papa Bo Selektah, Schmoltz, Kornej, Eye-Q, Scarlett і Uhead.
Belarus Outside Sound System — гэта дабрачынны гастралюючы музычны рух, які падтрымлівае беларускіх пазажанравых артыстаў у эміграцыі і прыцягвае ўвагу да сацыяльна-палітычных праблем у Беларусі.
У лютым 2024 каманда выдала складанку аўтэнтычных электронных трэкаў ад беларускіх прадзюсараў, у якіх яны паразважалі на тэму пошукаў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Для стварэння аднаго з трэкаў — MK420 — яго прадзюсар, схаваны за псеўданімам DJ Shos, выкарыстаў запіс голасу і флейты Марыі Калеснікавай.
Спецыяльна да фэсту каманда Belarus Outside Sound System рыхтуе лімітаванае выданне складанкі на вініле, каб распаўсюдзіць яго па свеце.
Праект ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.
Сабраныя данаты будуць перанакіраваныя на збор, арганізаваны ў межах традыцыйнай дзіцячай акцыі супольным праектам беларускіх фондаў «Хуткая гуманітарная дапамога».