«Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да Саду надзеі». Новая кніга Аляксандра Тамковіча

У часе ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 11 лютага адбылася прэзентацыя кнігі вядомага беларускага публіцыста Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да Саду надзеі», якая ў друкаваным выглядзе ўбачыць свет напярэдадні 30-годдзя самай вялікай у свеце тэхнагеннай аварыі ХХ стагоддзя на Чарнобыльскай АЭС.



20160211_144454.jpg

Аляксандр Тамковіч на кніжным кірмашы

Першая прэзентацыя кнігі прайшла на стэндзе Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Менавіта дыпламатычнае прадстаўніцтва гэтай краіны вельмі істотна дапамагло ў рэалізацыі задумкі Тамковіча, які праехаў для падрыхтоўкі выдання больш за чатыры тысячы кіламетраў. Прадстаўнікі амбасады прысутнічалі  і на самой прэзентацыі.

Як распавёў аўтар, кніга памерам амаль у 400 старонак будзе надрукаваная на добрай мелаванай паперы, бо змяшчае ў сабе некалькі соцень каляровых і чорна-белых фотаздымкаў. Яна будзе выдадзена на беларускай, рускай і нямецкай мовах.

Аляксандр Тамковіч паведаміў, што задумаў выдаць кнігу яшчэ дзесяць гадоў таму, калі быў жывы заснавальнік і старшыня Беларускага дабрачыннага фонда «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы.

«Я шмат разоў размаўляў з ім, але ў яго ўсё не хапала часу. А потым ён і сам цяжка захварэў і праз некалькі гадоў памёр. Пасля сыходу Грушавога ягоная жонка Ірына Грушавая актыўна ўзялася за рэалізацыю гэтага праекта, яна вельмі шмат дапамагла. Я ездзіў у Германію, сустракаўся з тымі людзьмі, якія пачыналі арганізацыю дапамогі ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і супрацоўнічалі з фондам Грушавога. Гэта сапраўды самаадданыя людзі, якія нават пасля таго, як БДФ «Дзецям Чарнобыля» перастаў існаваць, працягваюць аказваць дапамогу чарнобыльцам», — адзначыў публіцыст.

Менавіта Германія, паводле Аляксандра Тамковіча, сталася найбуйным партнёрам Фонда, які, дарэчы, за час свайго існавання накіраваў на аздараўленне ў дзясяткі краінаў свету каля 600 тысяч беларускіх дзетак. І гэта не ўлічваючы праграм па лячэнні анкалагічна хворых дзяцей, паставак гуманітарнай і медыцынскай дапамогі, іншых дабрачынных праектаў.

«Сёння тыя людзі, што аказвалі і аказваюць дапамогу чарнобыльцам, са здзіўленнем назіраюць, што ў Беларусі будуецца атамная электрастанцыя. Асабліва востра гэта ўспрымаецца менавіта ў Германіі, якая вырашыла адмовіцца ад выкарыстання АЭС», — адзначае Аляксандр Тамковіч.

Кніга, якая ў выйдзе ў друкаваным выглядзе ў красавіку бягучага года, скаладаецца з сарака двух артыкулаў, напісаных рознымі людзьмі. Сярод аўтараў гэтых артыкулаў — нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, паэт Уладзімір Някляеў, рэжысёр Юрый Хашчавацкі, пісьменніца Валярына Кустава, публіцыст Сяргей Ваганаў, мастак Алесь Марачкін, журналісты Радыё «Свабода» Алена Панкратава і Алесь Дашчынскі, іншыя вядомыя асобы.