Фільм беларускага рэжысёра перамог на Варшаўскім кінафестывалі

Пра гэта піша Свабода.

photo_2021_10_17_09_16_55.jpg

Дакументальны фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы пра жыццё падчас і пасля жніўня 2020 года ў Беларусі перамог у дакументальнай намінацыі на 37-ым Варшаўскім кінафестывалі.
Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміла кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая працуе на фестывалі ў складзе міжнароднага журы кінапрэсы.
Фільм «Калі кветкі не маўчаць» прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. Праз іх лёс рэжысёр паказвае боль і надзею, страх і рашучасць гэтых людзей. У цэнтры сюжэту — беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасці з кветкамі. Так і нарадзілася назва фільму — «Калі кветкі не маўчаць».
«Пачуцці змешаныя. З аднаго боку, гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а з іншага — гэты боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б свята, але яго няма, — пракаментаваў "Белсату" сваю перамогу Андрэй Куціла. — Цешуся таму, што гэта ўзнагарода дае больш увагі да фільма, і ён будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам увага будзе да тэматыкі. То-бок павестка будзе трымацца на іншых фестывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуванні як аўтара, рэжысёра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усвядоміць у дадзены момант».
37-ы Варшаўскі кінафэстываль доўжыцца з 8 па 17 кастрычніка.
Андрэй Куціла — рэжысёр-дакументаліст, пераможца шматлікіх міжнародных фэстываляў. Аўтар такіх фільмаў, як «Стрыптыз і вайна», «Цар гары», «Мне трэба поціскаў», «Summa» і інш.