Фільм «Урокі Фарсі», заяўлены ад Беларусі на «Оскар», дыскваліфікавалі
Выданне Variety піша, што Амерыканская кінаакадэмія зняла вылучаны ад Беларусі фільм Вадзіма Перальмана «Урокі фарсі» з «Оскара». Згодна з патрабаваннямі прэміі, асноўны творчы ўнёсак у стужку мусяць зрабіць жыхары краіны, ад якой ён вылучаецца. «Урокі фарсі» гэтаму патрабаванню не адпавядаюць.

Фільм здымаўся на расійскія і нямецкія грошы амерыканскім рэжысёрам украінскага паходжання, з удзелам аргентынскіх, нямецкіх і расійскіх акцёраў. Здымкі праходзілі ў Беларусі пры ўдзеле «Беларусьфільма».
Кіно расказвае пра бельгійца яўрэйскага паходжання. У акупаванай Еўропе ён аказваецца ў канцлагеры. Каб выжыць, ён выдае сябе за перса. Раптам высвятляецца, што кухар канцлагера марыць пасля вайны з'ехаць у Іран і хоча вывучыць фарсі. Бельгійцу даводзіцца даваць яму ўрокі мовы, якую ён сам не ведае.
euroradio.pl