«Фіндус з'язджае»... у беларускія кнігарні!
Аматараў смешных гісторый шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста пра дзядулю Пэтсана і кацяня Фіндуса чакае прыемны падарунак!
Серыя «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» папоўнілася чарговай кнігай, перакладзенай на нашую мову, як і папярэднія, Надзеяй Кандрусевіч. І ад сёння гэты кніжкавы рознакаляровы цуд даступны ў крамах Мінска ды іншых гарадоў.
«Фіндус з'язджае» — шостая па ліку "абеларушаная" кніга. У 1990 годзе Свэн Нурдквіст напісаў для тэатра гісторыю, Стэфан Муберг зрабіў драматургічную апрацоўку тэксту і паставіў спектакль у тэатры Resenär у Стакгольме. Выданне створана паводле гэтай п’есы.
У гэтай казцы распавядаецца пра тое, як стары Пэтсан вырашыў трошкі правучыць гарэзлівага і непаслухмянага коціка Фіндуса, які будзіў дзядулю а чацвёртай раніцы, і перасяліў яго ў маленькі асобны драўляны дамок а-ля вясковая прыбіральня. Што з гэтага выхаваўчага працэсу атрымалася, і ці можа дзядуля жыць адзін і не сумаваць без кацяняці-непаседы, кожны ахвотны зможа дазнацца са старонак шыкоўна ілюстраванай кнігі.
Прэзентацыя новага выдання запланаваная на пачатак верасня! Запрашаем дзетак і іх бацькоў! Сачыце за абвесткамі на сайце lit-bel.org.
Дзе шукаць Фіндуса, які з'ехаў :):
Мінск — "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19), "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72), "Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14), "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2), "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11), "Веды" (вул. К. Маркса, 36), "Галіяфы" (вул. Няміга 3, павільён 66), этнакрама "Рагна" (вул. Сухая, 4), ІП А. Яўдаха (Knihar Knihiby), Алесь Дудар (Арэна-сіці), Павел Белавус (Pavel Belavus), Валеры Есіпёнак (Маскоўска-Венскі);
Гродна —"Праметэй" (вул. Савецкая, 10), "Цудоўня" (вул. Вялікая Траецкая, 16), "Бэбі-бук" (вул. Савецкая, 18, ГЦ "Нёманскі); Брэст — "Іскра" (вул. Пушкінская, 4); Гомель — "Буква У" (вул. Мазурава,117г); Наваполацк — "Дом кнігі" (вул. Маладзёжная, 145); Бабруйск — "Крыніца ведаў" (вул. Горкага, 31); Маладзечна — "Спадчына" (вул. Прытыцкага, 7).
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"