Галасы стагоддзя: 10 лёсаў нашых суайчыннікаў

Сёння, 20 лютага на Youtube канале пачалася публікацыя серыі міні-інтэрв’ю «Галасы стагоддзя» — відэа расповедаў былых савецкіх палітвязняў. 

dla_banera_nazva_new_01.jpg

Яшчэ падлеткамі яны былі сябрамі культурніцкіх і патрыятычных арганізацый, такіх як Саюз беларускай моладзі (СБМ), Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), «Чайка» і г.д. За гэта ім давалі па 10, 15, 25 гадоў зняволення і ссылалі ў ГУЛАГ. 
Гэта простыя і кранальныя расповеды ад першай асобы пра звычайных дзяўчат і хлапцоў Беларусі, якія любілі сваю краіну і спрабавалі па меры сваіх сіл супраціўляцца савецкаму моўнаму і культурнаму гвалту.

Такія знакавыя асобы, як Ларыса Геніюш, Цімох Вострыкаў, Барыс Кіт, Аляксандр Салжаніцын, Баліс Гаяўскас ды іншыя, згадваюцца ў гэтых кароткіх гісторыях.

Адметнасцю гэтай серыі відэаінтэрв’ю ёсць іх невялікі па часе фармат, што дае магчымасць паглядзець іх тым, хто не можа дазволіць сабе праглядаць шматгадзіннае відэа.

«Надзвычай істотна казаць і паўтараць пра рэпрэсіі асабліва зараз, праз стагоддзе бальшавіцкага перавароту, калі робяцца спробы міфалагізаваць вобраз савецкай дзяржавы.

Надзвычай істотна слухаць сапраўдныя галасы таго стагоддзя.

“Галасы стагоддзя” — гэта сведчанні людзей, якія жылі ў час нялюдcкіх рэжымаў — фашызму і сталінізму. Галоўная іх віна — яны любілі Беларусь і Свабоду.

Яны перажылі тыя жахлівыя рэжымы і ціха сыходзяць ад нас у лепшы сьвет, але іх галасы будуць гучаць, пакуль жыве Беларусь!» — пішуць у анонсе вытворцы серыі, сябры грамадскай ініцыятывы «VivaFutura» — інтэрв’юер Кася Камоцкая і рэжысёр Віктар Корзун.

Першая з дзесяці — гісторыя Марыі Бялевіч (Бабіч).