«Галіяфы»: не спяшайцеся нас хаваць!
Пакуль урачыста адкрывалі міжнародную кніжную выставу-кірмаш і ўшаноўвалі там гасцей з Расіі ды Кітаю, горад пазбавіўся беларускай кнігарні. 11 лютага адбылася літаратурная імпрэза-развітанне з кнігарняй «Галіяфы».
![vishniou_1102_logo.jpg vishniou_1102_logo.jpg](/img/v1/news/full/vishniou_1102_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зміцер Вішнёў: Мы толькі развітваемся!
«Хай гэта будзе свята развітання, а не пахаванне», — падкрэсліў напачатку мерапрыемства Зміцер Вішнёў. Удзельнікі імпрэзы чыталі вершы і прозу, жартавалі і спявалі. Усе наведнікі атрымалі магчымасць выбраць кніжку ад выдавецтва ў падарунак.
Падтрымаць Зміцера Вішнёва і Аляксея Харужку завіталі выдавец Ігар Логвінаў, літаратары Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева, Сяргей Сыс ды іншыя. Шмат хто з пісьменнікаў надрукаваў свае творы менавіта ў «Галіяфах». Напрыклад, паэт, празаік і бард Анатоль Кудласевіч прыгадаў, як з 1997 году насіў сваю містэрыю «СОНКУС» па розных выдавецтвах, але паўсюль яму адмаўлялі, бо баяліся друкаваць. «Я не магу вытлумачыць, што там страшнага... — кажа спадар Кудласевіч, — пазнавальныя міністры? Прэзідэнт пазнавальны? Мы ўсяго баімся!» І толькі дзякуючы «Галіяфам» у зборніку духоўнай прозы і паэзіі Анатоля Кудласевіча «апальная» містэрыя нарэшце ўбачыла свет.
![kudlas_1102_logo.jpg kudlas_1102_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kudlas_1102_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З "Галіяфамі" развітваецца Алесь Камоцкі
Але цяпер уладальнікі «Галіяфаў» вымушаныя закрыць культурніцкую пляцоўку, бо будынак не ўвайшоў у рэестр памяшканняў, якія маюць дазвол на гандаль. А без гэткага дазволу пасля
ўступлення ў сілу новай рэдакцыі закону аб гандлі, трымаць памяшканне кнігарні і плаціць немалую арэнду выдавецтву «Галіяфы» не па кішэні. Кнігарня праіснавала толькі з сакавіка па
жнівень 2014 года. Астатні час прайшоў у безвыніковых намаганнях аднавіць гандлёвую дзейнасць.
![obadva_premium_logo.jpg obadva_premium_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/obadva_premium_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зміцер Вішнеў і Аляксей Харужка думаюць над новай пляцоўкай
— Мы не збіраемся зачыняцца, — кажа кнігавыдавец Зміцер Вішнёў, — мы і надалей будзем працаваць як выдавецтва, мы шукаем інвестара пад новую культурніцкую пляцоўку, таму што самі мы «не пацягнем»: шмат грошай было згублена на гэтай пляцоўцы, і яны ніякім чынам не вярнуліся, не адбіліся.
— Але ж кнігарня—не надта прыбытковая справа?
— Гэта ўмоўны бізнэс. Гэта больш культурніцкая пляцоўка. У нас быў творчы тандэм выдавецтва і кнігарні, і калі б не было перашкодаў для гандлю, у такім тандэме гэты праект мог існаваць. Для нас была бы ідэальнай сітуацыя, калі кнігарня выходзіла бы ў «нуль». Але ў тыя месяцы, калі кнігарня ўвогуле не працавала, арэнда, усе выдаткі паклаліся на выдавецтва. Гэта непрымальная сітуацыя.
— Астатнія крамы ў гэтым будынку таксама пацярпелі?
— Ну, ведаеце, мне будзе цікава, калі мы прыйдзем сюды праз два месяцы і пабачым, што гандаль тут адноўлены, я буду гэтаму напрыклад не здзіўлены...
— Увогуле ці ёсць выпадковасцю сітуацыя, якая адбылася з памяшканнем для кнігарні «Галіяфы»?
— У нас апошнім часам адбыліся выпадковасць з галерэяй «ЦЭХ», выпадковасці з «Арт-сядзібай», выпадковасці з «Логвінавым». Ведаеце, нешта замнога выпадковасцяў. Пры гэтым усё ў нас паводле заканадаўства. Я нікога не магу ні ў чым абвінавачваць, таму што гэта будзе паклёп. Але, зразумела, што ў нас гэтыя выпадковасці не выпадковыя. Зразумела, што ёсць пэўныя людзі, якім мы і тыя, хто займаецца падобнымі справамі, не падабаемся, і яны нейкім нездаровым чынам уплываюць на гэтую сітуацыю.
![chadanovich_1102_logo.jpg chadanovich_1102_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/chadanovich_1102_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Хадановіч таксама развітаўся з "Галіяфамі"
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, уладары «Галіяфаў» бадзёрасць духу не губляюць. З аптымізмам глядзяць на літаратурную будучыню і тыя, чыі кніжкі яны прасоўвалі ў масы.
«Творчыя асяродкі ўсё роўна застаюцца, ніхто не здольны іх знішчыць, — адзначае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Мяняюцца толькі лакацыі гэтых творчых асяродкаў. Кнігарня «Галіяфы» перастае існаваць, але я ўпэўнены, праз некалькі месяцаў з’явіцца нейкае новае месца. Калі нехта паспрабуе і яго знішчыць, з’явіцца яшчэ нешта. Гэта такі працэс, які цяжка кантраляваць, і немагчыма спыніць. Шкада, што месцаў такіх мала, але, калі мы паназіраем, то ўбачым, што колькасць іх расце. Ведаючы Змітра Вішнёва і Аляксея Харужку, здавацца і апускаць рукі яны не будуць. Гэта людзі з загартоўкай 90-х гадоў. Зламаць іх цяжка. Дый сама беларуская культура прайшла праз перыяд загартоўкі і набралася імунітэту. Я ўпэўнены, што ўсё тут будзе добра».
![chytach_1102_logo.jpg chytach_1102_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/chytach_1102_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Людзям патрэбныя такія кнігарні
Ва ўсялякім выпадку, спадзяванні на лепшую будучыню для беларускамоўнай літаратуры не безгрунтоўныя. Бо па колькасці выдадзеных на мільён чалавек кніг, Беларусь далёка не на апошнім месцы ў Еўропе. А гэта значыць, што попыт на кнігі сярод беларусаў пакуль што ёсць, і ўсе высілкі айчынных выдаўцоў маюць сэнс.