Галівуд хоча зняць серыял па кнізе Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча»
Як напісаў у Facebook выдавец кніг пісьменніцы Барыс Пастарнак, ужо падпісаная дамова аб здымках серыялу. Ён дадаў, што пасля поспеху серыялу «Чарнобыль» ад амерыканскай стрымінгавай кампаніі HBO, шмат у чым заснаванага на кнізе Алексіевіч «Чарнобыльская малітва», за правы на новы серыял разгарнулася міжнародная канкурэнцыя.

Сама Святлана Алексіевіч пацвердзіла, што некалькі буйных галівудскіх студыяў сапраўды праявілі цікавасць да здымкаў, а ў адной з роляў планавалася задзейнічаць Анджаліну Джалі. Аб сцэнары пакуль нічога не вядома — сама аўтарка не прымае ўдзелу ў яго напісанні.
Аднак з пачаткам вайны ва Украіне, па словах Алексіевіч, праект паставілі на паўзу, і, хоць аб яго адмене гаворкі не ідзе, будучыня серыялу пакуль застаецца незразумелай. Пісьменніца выказала спадзеў, што ў далейшым усё складзецца «гэтак жа добра, як пачыналася» — улічваючы, што аповесць пра жанчын на вайне зараз набывае новую актуальнасць.
