Гарадзенскае свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах (фота)

У вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне адбылося Трэцяе Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі, якое арганізавала Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў з дазволу Дзятлаўскага райвыканкама.

img_8503_1_logo.jpg


Свята ў Зачэпічах стала традыцыйным. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму тут быў пастаўлены камень з мемарыяльнай дошкай, прысвечанай тром вясковым паэтам, якія нарадзіліся ў Зачэпічах і актыўна друкаваліся ў заходнебеларускім друку ў 1930-х гадах. Гэта Пятрусь Граніт, Васіль Струмень і Герасім Прамень. Тады і было вырашана штогод праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі.


Сёлета свята сабрала  найперш паэтаў і бардаў з Гародні, Наваградка, Ліды, Слоніма. І яно атрымалася святам і паэзіі, і песні. Свае песні на словы беларускіх аўтараў хораша і пранікнёна спявалі барды Алесь Закрэўскі (Гародня), Сяргей Чарняк (Ліда), Уладзімір Хільмановіч (Гародня), Міхась Зізюк і Святлана Абдулаева (Наваградак).


Шчыра пра свята казалі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч, які запрасіў усіх на наступны год у Зачэпічы і падзякаваў дзятлаўскім чыноўнікам за спрыяннне ў правядзенні гэтага мерапрыемства.


Пра сяброўства зачэпіцкіх паэтаў з Валянцінам Таўлаем згадаў Алесь Хітрун з Ліды, пра любоў да роднай мовы, да нашай зямлі нагадаў рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Свае вершы чыталі Ала Петрушкевіч, Раіса Лакіза, Мечыслаў Курыловіч і іншыя паэты гарадзенскай зямлі.

img_8581_logo.jpg


Пасля заканчэння мерапрыемства ўсе прысутныя ўсклалі кветкі да магілы Петруся Граніта і сфатаграфаваліся на вясковай вуліцы, якая носіць яго імя. А старшыня мясцовага сельскага Савета Валерый Верамейчык падзякаваў ад імя ўсіх вяскоўцаў за свята з надзеяй, што на наступны год яно зноў адбудзецца.
Фота аўтара