Хэдлайнерам першага музейна-тэатральнага online-фэста «Паўлінка на Купалле» стане дзяржаўны ансамбль «Песняры»
Купалаўскі тэатр арганізуе першы музейна-тэатральны online-фэст. «Паўлінка на Купалле» пройдзе з 6 па 12 ліпеня 2020 года на online-пляцоўках Купалаўскага тэатра — афіцыйным сайце і на YouTube-канале тэатра. Асобны сюрпрыз для гасцей фестывалю — выступ легендарнага ансамбля «Песняры». Мерапрыемства прымеркавана да дня нараджэння беларускага песняра Янкі Купалы, які супадае са святам Купалля.

Фота Мар'і Амельяновіч
“Паўлінка на Купалле” — сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Online-фэст створаны ў рамках святкавання 100 сезона і 100-годзя першага драматычнага тэатра краіны. Галоўным сімвалам мерапрыемства стане легендарная Паўлінка. Вобраз гераіні з удзелам артыстак Купалаўскага тэатра Зоі Белахвосцік, Юліі Шпілеўскай, Кацярыны Алейнікавай і Марты Голубевай пройдзе праз усе тэматычныя блокі фестываля.
На асобнай старонцы сайта і YouTube-канале тэатра будуць прадстаўлены эпізоды тэматычных блокаў, якія будуць даступныя для удзельнікаў па ўсім свеце. Сярод блокаў — “Прывітальны”, “Папараць кветка”, “Паўлінка”, “Свята”. У рамках гэтых блокаў можна будзе назіраць за экскурсіяй па тэатры, паслухаць выступ аркестра, віртуальна наведаць музей Янкі Купалы ў Вязынцы і ў Мінску, навучыцца плесці вянкі з Паўлінкамі і нават станчыць лявоніху з панам Быкоўскім.
Оnline-фэст будзе праходзіць з 6 ліпеня (з 20.00) да 12 ліпеня (да 21.00) 2020 года. Усе падрабязнасці можна знайсці на сайце тэатра kupalauski.by.
Адмыслова да свята арганізатары падрыхтавалі Instagram-маску, скарыстацца якой можна па спасылцы.
Праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр Купалаўскага тэатра — кампанія Mastercard, партнёр музея — кампанія “Белдзяржстрах”.
Паводле прэс-рэліза