Гена Грышаль — чалавек, які заўсёды смяецца і ведае, як выратаваць планету
Пакуль адна дзяўчынка з Швецыі аплаквае планету, наш Гена Грышаль смяецца над беспаспяховымі спробамі чалавека яе выратаваць.
Гена Грышаль жыве ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. 10 гадоў таму Дар'я Яскевіч, сузаснавальніца ЗБОР (Беларускі Збор Дэвіянтнага Мастацтва) пазнаёмілася з Генам, мужчынам, які заўсёды смяецца. Гена прыносіў ёй карцінкі з простымі і наіўнымі вобразамі: домікі, сутнасці, жывёлы. Праз некаторы час адкрылася асаблівасць Гены. Унікальнасць яго псіхікі ў тым, што складаныя формы, вобразы і канструкты ён ператварае ў лаканічныя. Не, ён не спрашчае, але робіць усё зразумелым, выкрышталізоўвае самую сутнасць.
Зараз Гена працуе з вялікімі палотнамі, выстаўляецца, прадае свае карціны і ўваходзіць у творчую групу «Арт «Ну-во!». Менавіта яго звычка характарызаваць уласную творчасць выклічнікам «Ну-во!» дала назву групе дэвіянтных мастакоў. У яго тры персанальныя выставы і ўдзел у дзевяці выставах у Беларусі, Нарвегіі, Германіі і Польшчы.
Працуючы над серыяй пра кліматычныя змены, ён звяртаецца да вобразаў выміраючых жывёл. Пакуль адны плачуць, ён смяецца над тымі, хто не ведае, што рабіць. Ён ведае — і распавядае нам праз простыя вобразы: рыбы, арангутан, алень.
Зараз карціны вісяць у веган-кафэ Monkey Food па адрасе вул. Кастрычніцкая, 16. І гэта ўжо другая творчая калабарацыя з кафэ. Першы раз Гена Грышаль разам з Мішам Буліча размалявалі сцены першага кафэ MonkeyFood. На гэты раз карціны будуць экспанавацца ў кафэ часова, а затым адправяцца на выставы і прыватныя калекцыі.