Героі фантастычных сусветаў на мінскім UniСon (фота)
У сталічным футбольным манежы 2-4 лістапада праходзіла выстава-фестываль фантастыкі, коміксаў, фэнтэзі, настольных і камп'ютэрных гульняў UniСon & Game Expo 2018.

Яе наведвальнікі пазнаёміліся з навінкамі гульнявой індустрыі і змаглі апынуцца ў свеце неабмежаванай фантастыкі.

Галоўная асаблівасць фэсту — фандомныя стэнды. Сёлета іх было 29: з серыялаў, коміксаў і камп'ютэрных гульняў. На кожным свая праграма і адмысловыя тэматычныя гульні і квэст: яны былі пад сілу нават навічку ў тым ці іншым фантастычным сусвеце. Тыя, хто праходзіў ўсе стэнды, мог паўдзельнічаць у вялікім фестывальным квэсце і атрымаць падарункі ад партнёраў.

Другі важны складнік UniСon & Game Expo 2018 — касплэй-дэфіле. Уладальнікі касцюмаў герояў маглі ўзяць удзел у конкурсе на лепшым фантастычны вобраз.

Апроч фандомнай часткі, на фэсце была і гульнявая — з настолкамі і кіберспартовай пляцоўкай. У яе праграме былі спаборніцтвы па дысцыплінах Dota 2 і Hearthstone. У некаторых краінах гэтыя гульні ўжо лічацца відамі спорту. А для аматараў настольных гульняў — велізарная гульнятэка з больш чым сотняй настолак.

Апошняя важная частка фестывалю — адукацыйная. У праграму ўвайшлі майстар-класы, сустрэчы, лекцыі і дыскусіі. Тут можна было пагутарыць з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі-фантастамі. Сустрэчы былі падрыхтаваны і для аматараў коміксаў. На пляцоўцы сустрэч з аўтарамі прадставілі спецыяльны праект — артбук беларускіх мастакоў «Whitebook 2», а таксама зборнік коміксаў беларускіх аўтараў «Сучасны комiкс».
Фота аўтара і Веранікі Казловай