«Герояў году — 2015» назавуць Сяргей Філімонаў, Dzieciuki і Leibonik
Весці канцэрт будзе аўтар культавай тэлепраграмы «Відзьмо-Невідзьмо» Сяргей Філімонаў, а пераможцаў абвесцяць уладальнікі мінулай прэміі.
Сёлета партал Tuzin.fm адзначае 12-годдзе. Па традыцыі, у дзень супадзення магічных лічбаў 12.12 называюцца героі году ў беларускай музыцы — «Адкрыццё году» і «Гурт году».
У кожнай з намінацый — па 7 прэтэндэнтаў. Абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца ў клубе «Пляцоўка-Хол», а найлепшых назавуць уладальнікі леташняй прэміі — гурт Leibonik, прызнаны «Адкрыццём-2014» і «Героі году-2014» — Dzieciuki.
«Менавіта гэтыя намінацыі адлюстроўваюць погляд сталай рэдакцыі старэйшага нацыянальнага музычнага партала на тое, куды і з кім павінна рухацца беларуская музыка. Што дало нам наша “адкрыццё”? Найперш разуменне таго, што і наша самадзейнасць усё ж вартая сцэны. Па-другое, нягледзячы на поўную адсутнасць запісаў павялічылася колькасць запрашэнняў на выступы», — кажа лідар гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч.
«Кожная станоўчая адзнака з боку — гэта прыемна. “Героі году” — гучыць грувастка і напышліва, як для панкаў, але нейкая адказнасць ёсць. У тым сэнсе, што панк-рок — панк-рокам, але трэба працаваць над сабой, каб быць на ўзроўні!» — заўважае лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў.
Вядучымі «тузіноўскіх» канцэртаў абіраюцца знакавыя асобы беларускай культурнай прасторы. Сярод іх былі ўжо Лявон і Ганна Вольскія, Міхал Анемпадыстаў, Алег Хаменка, Максім Жбанкоў. Сёлета прэмію правядзе Сяргей Філімонаў, вядучы культавай тэлепраграмы «Відзьмо-Невідзьмо», якая выхавала выкшталцоны густ у цэлага пакалення беларусаў.
«Падтрымліваю ўсім сэрцам тое, што робіць Tuzin.fm. Гэта той самы музычны партал, дзе ў адрозненні ад афіцыёза, меламаны могуць адшукаць сапраўды цікавых музыкаў і ўсвядоміць, што мясцовыя музыкі знаходзяцца ў еўрапейскім кантэксце. Бадай што, гэта адзіная пляцоўка, дзе могуць самавыявіцца музыкі, якія цікавяцца беларушчынай», — кажа Сяргей. Ён агучыць пераможцаў у намінацыях «Песня года», «Кліп года» і «Альбом года».
Напярэдадні прэміі адбыўся рэліз складанкі найлепшых беларускіх песень года — «Восьмы Прэм’ер Тузін». Паслухаць і спампаваць яе можна па спасылцы.
Расклад вечара 12.12 у клубе «Пляцоўка Хол»:
19:00 Zolki band
19:30 Angst
20:00 Pauline
20:30 Teleport
21.00 Navi
21.30 Re1ikt
КАНЦЭРТ «ГЕРОІ ГОДУ» АД ПАРТАЛУ TUZIN.FM — КВІТКІ НАБЫЦЬ ТУТ
12 снежня (субота). 19.00. Прэмія «Героі году» з удзелам Pauline, zolki band, Angst, Teleport, Re1ikt, Navi. Квіткі (з улікам камісіі аператара) — 150 000 (танцпляц), 180 000 (столік). Квіткі можна набыць онлайн тутhttp://www.kvitki.by/ru/event/30704 або ў касах kvitki.by па ўсёй краіне. Тэлефон для даведак: + 375 29 687-20-93