Хто стаяў ля штурвала БНР і чаму ўсё так выйшла?

Часцяком даводзіцца чуць, што БНР — ніякая не дзяржава, без адзінай прыкметы легітымнасці, якую ўзначальвалі людзі , што ўзяліся з пустэчы і ў пустэчу зніклі... Ці так было насамрэч? Адназначна не.

bnr_shturwal.jpg

Юрыдычная аснова існавання БНР — гэта вынікі Усебеларускага з’езду 1917 года. Удзельнікі таго з’езду — гэта не толькі апантаная беларушчынай публіка, празаіка і паэты, але і эсэры з БСРГ, і дэлегаты яўрэйскіх грамадаў, і прадстаўнікі земстваў, што ажыццяўлялі ўладу на месцах і з нацыянальным рухам наогул ніяк не былі звязаныя. З’езд, як вядома, быў разагнаны бальшавікамі, хоць яго дэкларацыя і гучала «ў чырвоных тонах»... Бальшавікоў ідэалогія, відаць, мала цікавіла, затое цікавіла ўлада.
Пасля разгону з’езду яго дэлегаты збіраюцца ў Мінскім паравозным дэпо, каб працягнуць працу. Выканаўчы камітэт, абраны з’ездам, выдае першую ўстаўную грамату, другую... так паўстае Рада БНР.
Гэта была рэальная легітымная ўлада на працягу ўсяго 1918 года і толькі пасля вяртання ў сталіцу бальшавікоў пачала ператварацца ў... карпарацыю, заснаваную на ідэі незалежнасці Беларусі, што аб’яднала вакол сябе плойму людзей: лепшых, горшых, ідэалістаў, інтрыганаў, агентаў, герояў. З пераменным поспехам яна існуе і дагэтуль.
Луцкевіч vs Ластоўскі: хто каго?
Першы кіраўнік БНР — Антон Луцкевіч, ён жа ўзначальвае структуру і падчас перабывання Рады ў Горадні ў 1919-м. Луцкевіч, зыходзячы са зменлівай палітычнай сітуацыі, робіць стаўку на Пілсудскага, з якім сустракаецца некалькі разоў. Той дае абяцанні пра аўтаномію, Луцкевіч верыць. Але палякі наступаюць па ўсіх франтах, бяруць Вільню, Львоў, Мінск... Пасля ўваходу палякаў у беларускую сталіцу ў 1919-м Луцкевіч робіць чарговую спробу рэанімацыі БНР пад крылом польскага арла, але... тут ужо яму не вераць свае ж паплечнікі: палякі ўспрымаюцца зусім неадназначна.
Тут жа на сцэну выходзіць Вацлаў Ластоўскі. Ягоны канфлікт з Луцкевічам цягнецца з даўняга часу, яшчэ з працы ў «Нашай Ніве». Для Луцкевіча Ластоўскі — неадукаваны невук, рамантык і мройнік. Дадаецца геапалітыка: Луцкевіч ставіць на палякаў, Ластоўскі — на літоўцаў. У кожнага з іх свая каманда і свае варыянты вырашэння пытанняў. Здараецца найгоршае: не маючы рэальнай улады, палітыкі сварацца, спрабуючы абаперціся на знешнія сілы, дзяржавы па суседстве...
Луцкевіч у выніку трапляе ў занятую палякамі Вільню і робіцца там «гуру» беларускага руху, Ластоўскі — тое ж самае, толькі ў літоўскім Коўне. А што з Радай БНР? На яе чале ўжо Аляксандр Цвікевіч, кампрамісная і пакуль не заплямленая рознымі саюзамі ды супрацамі фігура. Нарэшце ўсё добра і ўсе задаволеныя? Ды не...

Даверлівы Цвікевіч і «роспуск» БНР

Цвікевіча бярэ ў абарот каманда здольных і працавітых авантурыстаў, частка з якіх акажацца адкрытымі агентамі АГПУ: Якавюк, Галавінскі, Ульянаў... Іх задача — угаварыць і пераканаць, што БССР — новы беларускі дом, а БНР — гэта нецікава і неактуальна.
І яны здолелі. Цвікевіч верыць. Усе вераць ці... амаль усе. Вынікам угавораў стала Берлінская канферэнцыя ў кастрычніку 1925-га: Рада БНР спыніла сваё існаванне, адзіным цэнтрам адраджэння і дзяржавабудаўніцтва прызнаны савецкі Мінск. Неўзабаве Цвікевіч з сям’ёй пераязджае туды. Пераязджаюць таксама Ластоўскі, Заяц, Смоліч...
Сцяг БНР нечакана падымае Пятро Крэчэўскі, які не здаў свой мандат. Вакол яго неўзабаве збіраюцца эмігранты, што не паверылі казкам Якавюка і кампаніі. У Мінску з іх смяюцца, але ў гістарычнай перспектыве гэта смех мерцвякоў: «паверыўшыя» пажывуць ды папрацуюць яшчэ пэўны час, але ўсе скончаць аднолькава — куляй у патыліцу.

Пасля Крэчэўскага «грааль» нацыянальнай дзяржаўнасці пяройдзе да Васіля Захаркі, ад яго — да Міколы Абрамчыка і г.д. Гэта ўжо не столькі палітыка, колькі захаванне святыні, сімвалу і памяці. Старшыня Рады — гэта ўжо зусім не прэзідэнт і не канцлер, а хутчэй кіраўнік фірмы, зямляцтва або духоўнага ордэна.

Такія розныя «айцы» дзяржаваў...

Кім былі ўсе гэтыя людзі? Луцкевіч — збіральнік старажытнасцяў, публіцыст і настаўнік. Ластоўскі — філосаф, літаратар, аматар спадчыны продкаў і рамантык. Крэчэўскі — настаўнік, гісторык, банкаўскі службовец. Партрэт кожнага з іх можа быць розным у дробязях, але найчасцей падобны ў галоўным. Гэта людзі гуманітарнага складу, асветнікі, не палітыкі.
А як было ў суседзяў, што стваралі дзяржавы на аскепках Расійскай імперыі? Баявік і вайсковец Пілсудскі, арыстакрат і вайсковец Скарападскі, аграном Ульманіс, вайсковец Манэргейм... Усе яны — людзі іншага складу, часам аўтарытарныя і жорсткія. Дзяржавы, якія яны стваралі, былі далёкімі ад дэмакратычных ідэалаў. Але і шансаў на поспех яны мелі нашмат болей, чым пастаральна-рамантычныя фантазіі на тэму дзяржавабудаўніцтва ўчорашніх настаўнікаў і асветнікаў, што пайшлі ў палітыку на хвалі імклівых зменаў.

Шанец Балаховіча

Ці былі такія людзі ў Беларусі на той момант? Так. Напрыклад, арыстакрат і моцны гаспадар Раман Скірмунт, які думаў пра эканоміку больш, чым пра кнігі па-беларуску. Магчыма, Кастусь Езавітаў, вайсковец, здольны дамаўляцца і шукаць нетрывіяльныя варыянты вырашэння праблемаў, які, на жаль, заўжды быў у БНР на другіх і трэціх ролях. Ну і, канечне, Станіслаў Булак-Балаховіч.
Балаховіч — 100-працэнтны вайсковец. Прэм’ерам ягонай дзяржавы ў выпадку поспеху стаў бы Павел Аляксюк, авантурыст практычнага складу і прыхільнік беларушчыны, які падарожнічаў у абозе генерала ў тым ліку падчас Палескага паходу ў 1920-м. Калі б Балаховіч павярнуў з Мазыра на Мінск, а не меў амбіцыяў далей рухацца ў Расію, магчыма, усё атрымалася б і мы мелі б Рэспубліку Беларусь яшчэ ў 1920-м.
Можна пафантазіраваць і ўявіць, што гэта была б за дзяржава. Балаховіч — прэзідэнт, Аляксюк — прэм’ер, большасць пасадаў размеркаваная сярод «белых» афіцэраў, саслужыўцаў «бацькі». Жорсткая аўтарытарная дзяржава, заціснутая паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, заўжды гатовая да вайны, куды няспынна заходзяць дыверсійныя групы з усходу і захаду... Тым не менш гэта быў бы феномен, разам з якім мы маглі б перажыць многія праблемы росту і сталення нацыі яшчэ тады, у 1920-я — 1930-я, а Балаховіч сёння лічыўся б супярэчлівым, неадназначным, але сапраўдным бацькам беларускай дзяржаўнасці.
Алесь Кіркевіч доя budzma.by