Губляць няма чаго — усё і так страчана. Света Бень прэзентавала новую песню

«Самая цудоўная са страт — гэта страта самашкадавання», лічыць Святлана Бень.

sveta_ben.jpg

Беларуская актрыса, спявачка і паэтка Света Бень («Серебряная свадьба») апублікавала ў сваіх сацсетках песню з новага альбома.

«Яна была даўно напісана. Дакладней, я пачала яе складаць вельмі даўно. Мне хацелася падбадзёрыць сябе ў адчайнай сітуацыі, і думка аб тым, што губляць няма чаго — усё і так страчана — дзіўным чынам развесяліла мяне. Ну і бадзёрыла думка аб канечнасці быцця сярод усіх гэтых бясконцых жахаў свету.

Дапісаць да канца песню ўдалося пару гадоў таму. Там, па задумцы аўтара, павінен быў граць арган, аркестр іспанцаў і ксілафон з костак (маіх). Але гэта быў цяжкарэалізуемы план. Прыйшлося граць проста пад гармонік. Сітуацыю выратавала Галіна Азеран. Песня набыла гучанне — прыгожае і нахабнае. Якое мне стылістычна цяжка апісаць, але яно дадае да ўсяго вышэйсказанага новы падсэнс. Самая цудоўная са страт — гэта страта самашкадавання. Вось і добра», — напісала спявачка ў апісанні да песні.


Паводле budzma.org