Гурт «Pomidor/OFF» прэзэнтаваў новы сінгл

 Гурт «Pomidor/OFF» прэзентаваў новы сінгл з дзвюх песень, які атрымаў назву «Развітанне З Радзімай».

_aljaksandar_pamidorau__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo_1.jpg


Прэм’ера прымеркавана да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў».
Новы сінгл гурта «Pomidor/OFF», як і яго загалоўны твор «Развітанне З Радзімай», прысвечаны ўсім тым, хто з-за сваіх палітычных поглядаў ці сацыяльнай пазіцыі быў вымушаны пакінуць сваю радзіму. Часова ці, на жаль, назаўсёды. Тым, хто за сваю пазіцыю ці толькі за сваю творчасць і справу апынуўся за кратамі, цярпіць катаванні і здзекі ўзурпатараў ды іх хаўруснікаў.
У першую чаргу, выданне прысвечана сябрам, калегам, грамадзянам Беларусі. Што зараз альбо сядзяць па турмах, як гурт «Irdorath», мастак Алесь Пушкін, дыджэй Аляксандр Багданаў, палітычныя актывісты Марыя Калеснікава і Максім Знак, бізнэсмен і рэкламіст Аляксандр Васілевіч ды шмат хто іншых з вялікага спісу, дзе толькі палітычных вязняў каля тысячы чалавек. Прысвечана сябрам і калегам, што вымушаныя былі пакінуць краіну і зараз раскіданыя па ўсім свеце. Як журналісты «Еўрапейскага Радыё для Беларусі», рэдакцыя партала «ТУТ.BY», акторы Сучаснага мастацкага тэатра, «Вольныя Купалаўцы», куратар Беларускай рады культуры, стваральнік знакавага беларускага музычнага партала «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін, лідар культавага сусветнавядомага pagan-metal гурта «Gods Tower» Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў, журналістка і спявачка Кацярына Пытлева, дызайнер і мастак Уладзімір Цэслер, музыкі Канстанцін Гарачы, Алесь Дзянісаў, Юры Стыльскі, шоумен і артыст Дзяніс Дудзінскі, журналіст і музыка Ілля Маліноўскі і шмат хто яшчэ. Хто па адным, хто з семьямі, адарваныя ад сваёй зямлі. Як калісьці ў ХІХ стагоддзі. Як неаднаразова ў ХХ-ым. І зараз, у трэцюю дэкаду ХХІ стагоддзя сумная гісторыя выгнання зноў паўтараецца ў Беларусі. Краіну пакінула больш за 300 000 яе жыхароў і працягваюць з’яжджаць, а фактычна, уцякаць. Вельмі хацелася, каб гэты працэс натуральным чынам перамен у нашым жыцці спыніўся. І каб болей ніколі!


Другі трэк новага сінглу — «Гэтак Людзі Гавораць», кавер на песню «Legenda Ludowa» польскай группы «KNZ (Kazik Na Zywo)» з альбома 1999 года «Las Machinas De La Muerte». «KNZ» — гэта адзін са шматлікіх сайд-праектаў найвядомага польскага артыста і паэта, лідара групы «Kult» Казіка Сташэўскага. Паколькі сабраліся разам музыкі некалькіх найвядомых польскіх гуртоў, «KNZ» з’яўляецца сапраўдным супер-гуртом, што паўстаў на мяжы 1996-97 гадоў. Песня «Legenda Ludowа», фактычна, з'яўляецца разважаннямі на тэму ўвядзення ў 1981 годзе ў Польшчы ўрадам Войцэха Ярузэльскага ваеннага становішча. Нават у 1999 годзе апісанае ў песні гучала досыць дзіка для сучаснасці. Тым больш цяжка было ўявіць, што апісаныя падзеі, і польскія рэаліі 1981 года амаль цалкам паўторацца ў Беларусі праз 40 гадоў.