Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу «Заспявай-6» (відэа)

Рашэннем журы песня гурта Рыгора Лайкова і Уладзя Пыльчанкі на верш Віктара Жыбуля «Мафія» прызнаная найлепшай у конкурсе, які ў шосты раз ладзілі фонд «Вяртанне» і партал TuzinFM.

img_7430.jpg

"Заспявай-6", узнагароджанне пераможцаўCёлета ўзнагароджанне прайшло ў тэлеэфіры, у межах праграмы Belsat Music Live, а не на канцэрце фіналістаў. Пераможцы атрымалі галоўны прыз — 1500 беларускіх рублёў на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.
«Фіналісты прайшлі чатыры этапы выпрабаванняў і кожны з іх засведчыў, што варты перамогі. Маем чатыры выдатныя песні, напісаныя пад натхненнем ад беларускай паэзіі, якія будуць і надалей гучаць на стрымінгавых платформах і жывых выступах. Маладыя артысты пазнаёміліся з сучаснымі паэтамі і паміж сабою ды збіраюцца надалей трымацца разам — рабіць сумесныя песні і падтрымліваць адзін аднаго. Акурат у гэтым галоўны вынік нашага конкурсу», — зазначае прадзюсар «Заспявай» Сяргей Будкін.
Усе чатыры песні фіналістаў «Заспявай» былі запісаныя ў студыі і прэзентаваныя ў фармаце сінглу на асноўных лічбавых пляцоўках.


Гомельскі гурт «Юность» паклаў на музыку верш Віталя Рыжкова «Вяртайся». «Мне ня трэба было асабліва нічога рабіць, бо музыка нарадзілася ў момант першага прачытання верша. Я працую ў кавярні, таму часта яе ўключаю фонам і вельмі прыемна назіраць, калі госці пачынаюць яе шазаміць», — кажа аўтар музыкі Рыгор Давыдзян. Песню выканала спявачка Стэфанія Хрушчова. Яе можна спампаваць і паслухаць тут.

Мінскі гурта «PyLai» зрабіў песняю верш Віктара Жыбуля «Мафія». «Нам не хацелася браць твор, які быў бы для аўтара глыбока асабістым, хацелася адшукаць штосьці глабальнае, нестандартнае – але тое, што знайшло б у нас эмацыйны водгук. «Мафія» падышла ідэальна – і па тэматыцы, і па рытміцы ды мелодыцы. Упэўненыя, што гэтая песня шчыльна замацуецца ў нашым рэпертуары», - кажуць музыкі Рыгор Лайкоў і Уладзь Пыльчанка. Песня даступная для праслухоўвання тут.
«У гэтым вершы я ўбачыла адлюстраванне свайго роднага гораду, дзяцінства і шчымлівага суму ды настальгіі. У 19 год таксама можна настальгаваць», — кажа Марыя Чапрасава з Барысаву. Яе твор, зроблены разам з Кірылам Даншыным, на верш Антона Рудака «Горад вёсак» можна паслухаць тут.
Песню «Планета знасіла сваю арбіту» на верш Віталя Рыжкова напісала Валерыя Суравіцкая з праекту LEAR. «Калі спяваю гэты трэк, становіцца балюча ад таго, што адбываецца вакол», — прызнаецца спявачка. Песню можа паслухаць і спампаваць тут.

У журы конкурсу ўвайшлі спявачка Руся, паэт Андрэй Хадановіч, музыка Алег Хаменка, саўндпрадзюсары Барыс Календа і Павел Сініла, дызайнерка Наста Шастак ды арганізатары конкурсу Сяргей Будкін і Павел Бераговіч.
Адмысловы прыз ад фонду «Вяртанне» (запіс сінглу) атрымаў Жэня Вялько з песняй «Трывога» на верш Міхала Бараноўскага.
Таксама камусьці з чатырох фіналістаў будзе ўручаны прыз глядацкіх сімпатыяў і сертыфікат на набыццё музычных аксесуараў на 300 рублёў. Яго атрымае той, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў у каментарах пад тэлеверсіяй фіналу «Заспявай-6» у youtube, Укантакце і Facebook.
Паводле прэс-рэліза