Гурт Re1ikt перамог у Мэгатуры з кліпам на ўлюбёную песню Рыгора Барадуліна

Кліп рэжысэра Ігара Гусева «Drobnieńki doždžyk» абышоў усіх у выніковым туры на TuzinFM з вынікам 1114 галасоў

relikt.jpeg


«Чаго ты, лося» у 2015-м, «Хадзіла галота» у 2017-м, і вось сёлета «Drobnieńki doždžyk». Тройчы кліпы на песьні Re1ikt перамагалі ў мэгатурах на TuzinFM. Да сёлетняга галасаваньня музыкі паставіліся з усёй сур’ёзнасьцю. «Мы самі пільна сачылі ды інфармавалі людзей пра ўдзел кліпу ў Мэгатуры, бо лічам, што як сама песьня, так і відэа таго вартыя», — зазначае лідэр і бубнач каманды Аляксандар Дзямідзенка.
Песьня «Дробненькі дожджык» была запісаная для праекту «Песьні матчыны з Вушаччыны», прысьвечанага Рыгору Барадуліну. Гэта народны спеў, які вельмі любіў сьпяваць сам народны паэт.


Цяпер Re1ikt заняты стварэньнем песьняў да свайго новага альбому. Рэліз плянуецца на 2019 год. А сёлета ўвосень гурт парадуе прыхільнікаў сынглам. Пачуць ужывую каманду ў бліжэйшы час можна 8 верасьня з сольным выступам на «Пешаходцы».  
Даведка НЧ: Re1ikt - беларускі рок-гурт, заснаваны ў 1999 годзе. Мае 5 студыйных альбомаў. Апошні (Kufar) выйшаў у 2016 годзе.