Гурт "Re1ikt" запісаў новы альбом у Польшчы

Мінскі ethno progresive rock-гурт "Re1ikt" вярнуўся Польшчы, дзе ў Studio-X у Ольштыне працаваў над новым альбомам.



re1ikt_olsztyn_1.jpg

Цягам тыдня музыкі запісалі 14 новых песень для наступнага дыска. Акрамя аўтарскіх кампазіцый, "Re1ikt" падрыхтавалі некалькі ўласных апрацовак беларускіх народных спеваў.

У працы над некаторымі творамі паўдзельнічаў і ўладальнік Studio-X вядомы польскі прадзюсар Марцін Кілбашэўскі.

Пра запіс новага альбому музыкі "Re1ikt" знялі невялікі дакументальны ролік.

“Мы доўга і скрупулёзна рыхтаваліся да запісу новай плыты: стваралі канцэпцыю альбому, аналізавалі аранжыроўкі, рабілі дэма-запісы, — распавядае лідар і бубнач "Re1ikt" Аляксандр Дземідзенка. — Нам удалося ўзбагаціць гучанне песень з дапамогай шматлікіх гітар і гітарных узмацняльнікаў, эфектаў, перкусійных і духавых інструментаў. Песні атрымаліся вельмі цікавыя і адначасова лёгкія для ўспрымання, меладычныя. Таму наша бачанне этна- і рок-музыкі, наш абноўленны стыль, абавязкова спадабаецца як даўнім прыхільнікам гурта, гэтак і новай аўдыторыі”.

Запіс на Studio-X гурт "Re1ikt" — узнагарода за першае месца на польскім фестывалі "Rockowisko Hajnowka". Таксама беларускія музыкі атрымалі тады прыз глядацкіх сімпатый.

Папярэдні альбом гурта "Re1ikt" “Рэкі прабілі лёд” выйшаў на лэйбле “Вігма” ў 2011 годзе. У 2012 годзе ён зрабіўся дыскам-бэстсэллерам сярод беларускіх выканаўцаў.

Рэліз новага альбому "Re1ikt" запланаваны на восень. Ён мае працоўную назву “Лекавыя травы”.