Ідэолагі афіцыйна звінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрымізме

Мінскія ўлады далі пісьмовы адказ у сувязі з адмовай у выдачы гастрольнага пасведчання на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.



fb2cc4d3_ab2a_4f1a_a29f_ffdd6e175130_mw1024_s_n.jpg

Чарговая спроба зладзіць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Мінску скончылася няўдала. Упраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама не выдала гастрольнае пасведчаньне на выступ вядомага беларускага выканаўцы, якое планавалася на 22 ліпеня. Вайцюшкевіч меўся паказаць праграму на вершы Ўладзімера Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта ў Доме Масквы. Папярэдняя згода з пляцоўкаю была дасягнутая.

Калі раней выступы Вайцюшкевіча зрываліся з надуманых прычынаў, проста па тэлефанаванню зверху (прыклады — Ворша, Полацак, калядны канцэрт у Менску, канцэрт у межах «Жывога Тузіна» ды інш.), то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэнне за подпісам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі — кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама (так афіцыйна гучыць пасада) Віталіны Рудзікавай.

Адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання звязаная з тым, што дзейнасць выканаўцы, на думку чыноўніцы, падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 указа кіраўніка дзяржавы № 257. У ім вядзецца размова пра тое, што арганізацыя і правядзенне канцэртаў, якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрымісцкай дзейнасці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах.

Да гэтай высновы Віталіна Рудзікава прыйшла пры «вывучэнні дзейнасці» Змітра Вайцюшкевіча. Але спасылкі і прыклады, якія б пра гэта сведчылі, не прывяла.

У размове з арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча ідэолаг заявіла, што «паслухала аўдыё і паглядзела відэа» у сеціве і асабіста прыняла рашэнне не дазваляць мерапрыемства.

Канкрэтна да Маякоўскага чыноўніца прэтэнзіяй ня мела, яна ўдакладніла, што справа тычыцца творчасці Вайцюшкевіча.

«У мяне гэты дакумент выклікае поўную збянтэжанасць. Ніводная з пералічаных падставаў не мае нічога супольнага з маёй творчасцю. У маіх спевах няма ані прапаганды вайны, ані экстрымізму. Наадварот — я імкнуся славіць Беларусь з дапамогай песень на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў. Можа буду нясціплым, але мне здаецца, што мае творы зусім не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот — лякуюць слухачоў і прыносяць толькі пазітыўныя эмоцыі, пра што магу меркаваць са сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем’ямі. Што тычыць аўтарскіх правоў, то тут таксама за ўвесь час не меў аніякіх пытанняў і нават на музыку Моўчана спяваў без наступстваў», — пракаментаваў прэтэнзіі да яго Вайцюшкевіч.

Маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзенні канцэрту, спявак можа аспрэчыць гэтае рашэнне. І ён дэкларуе сваю гатоўнасць: «Канечне, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш уцямна абгрунтоўвалі сваю пазіцыю. Таму я гатовы адстойваць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў».

За час існавання практыкі забароны канцэртаў у Беларусі, гэта толькі другі выпадак, калі арганізатары атрымалі афіцыйны ліст. Летась такую ж паперу за подпісам Рудзікавай атрымаў гурт Amaroka.

Tuzin.fm