Ігар Варашкевіч: «Не бачу сэнсу запісваць новы альбом «Крамы»

Альбом «Белая вада» можа стаць апошнім у дыскаграфіі славутага беларускага рок-гурту.

13179414_10205600554645084_421966478232215540_n.jpg



Фота агенцыі "Тааранціны і сыны"
Лідэр «Крамы» заявіў, што ня мае намеру працаваць у студыі над новымі песьнямі.
«Ня думаю, што новы альбом “Крамы” будзе запісаны, бо ня бачу сэнсу ў гэтым: трэба зноў шукаць грошы, хадзіць з працягнутай рукой, каб потым былі незразумелыя рэцэнзіі… Няма ані стомленасьці, ані крыўды, я проста чалавек, які цьвяроза і з іроніяй глядзіць на сьвет. На каго мне крыўдаваць. На самога сябе? Я разумею, што тая музыка, якую мы граем, ня вельмі патрэбная зараз, таму такія думкі прыходзяць. Думаў, што “Белая вада” выклікае большы рэзананс,  а ён прайшоў непрыкметна, як і кліп на гэтую песьню. Значыць нешта іншае патрэбнае», – сказаў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm.
Пры гэтым Ігар Варашкевіч запэўніў, што «Крама» працягне канцэртаваць. Сёлета каманда спраўляе сваё 25-годзьдзе. Вялікі канцэрт з гэтай нагоды з удзелам запрошаных гасьцей заплянаваны на 12 лістапада на пляцоўцы «Прайм-хол».
Апошні па часе «крамаўскі» альбом «Белая вада» выйшаў у 2014 годзе праз перапынак у 7 год. У яго падтрымку гурт зьняў два кліпы – «Дзяўчынка» і «Белая вада», які быў прэзэнтаваны сёлета.
Паводле budzma.by