«In memoriam L. Donskis: філасофскія ідэі і публічная палітыка»
Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» у межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні» запрашаюць на публічную лекцыю памяці выбітнага літоўскага філосафа, інтэлектуала, палітычнага і грамадскага дзеяча Леанідаса Донскіса.
![14787068_1310343865651751_2082480742_o.png 14787068_1310343865651751_2082480742_o.png](/img/v1/userfiles/images/14787068_1310343865651751_2082480742_o.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яго можна было б назваць «камертонам сучаснасці», бо ў сваіх кнігах і інтэрв’ю ён ставіў чытача перад неабходнасцю задумацца пра крытэры адрознення сапраўднага зла ад банальных сварак, трагедыі ад другасных эпізодаў сацыяльнага жыцця. Аналізуючы зменлівую і трывожную сучаснасць, ён стараўся акцэнтаваць увагу на сутнасных рэчах, якія вельмі часта заставаліся па-за ўвагай палітыкаў, палітолагаў, журналістаў. Атамізацыя, фрагментацыя, адзінота, ізаляцыя і як вынік гэтага — маральная слепата, страта маральнай і этычнай адчувальнасці…
Вось тыя небяспекі, якія пагражаюць чалавеку ў свеце лакальных канфліктаў, інфармацыйнага шуму, што ствараюць медыя і сацыяльныя сеткі. Падмацаваныя практыкай і дзейнасцю ў межах Еўрапейскага Парламенту, ягоныя ідэі і разважанні прадстаўляюць «малую мапу ўласнага досведу» і становяцца для нас філасофскай прапановай разумення гэтага свету і месца чалавека ў ім.
Пра ідэі і дзейнасць Леанідаса Донскіса мы разважаем разам з прафесарам Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) Русцісам Камунтавічусам. Лекцыя «In memoriam L. Donskis: філасофскія ідэі і публічная палітыка» адбудзецца 29 кастрычніка а 17.00 у галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!
Больш інфармацыі пра гэтую і іншыя публічныя лекцыі Лятучага ўніверсітэта можна знайсці на сайце: www.fly-uni.org
Паводле прэс-рэлізу