Іншы ракурс грамадскай актыўнасці (фота)

Дзверы бабруйскай антыкавярні «1387» адкрываюцца ў бок пандуса, і наведнікам у інвалідных вазках даводзіцца адольваць гэтую перашкоду на пятачку вузкага ганка, каб праціснуцца ў памяшканне, дзе кампанія «Будзьма беларусамі!» ладзіць грамадскую дыскусію з назвай «Ці мае межы грамадская актыўнасць?».

1045.jpg



Гэта вымагае ўпартасці ды займае нямала часу, таму сустрэча з няпростай тэмай пра неабмежаваную актыўнасць пачынаецца з невялікай, але досыць сімвалічнай затрымкай. Зрэшты, добра, што пандус усё ж прадугледжаны.


budzma.by__wp_content_gall_0def992c5b6df2d000c6ebac890cf003.jpeg


Жаданне жыць



Сярод гасцей сустрэчы — Ангеліна Уэльская, вядомая фотамадэль з дыягназам ДЦП, якая вучыцца на тэатральным аддзяленні ў Акадэміі мастацтваў і плануе здзівіць гледачоў пастаноўкай “фэшн-драмы”. Маці Ангеліны Вольга Уэльская заклікае да аптымізму нягледзячы ні на што:


budzma.by__wp_content_gall_bb95e57ac70e5d9670edc196eba2e373.jpeg


— Якая мусіць быць матывацыя ў людзей да праяўлення грамадскай актыўнасці, хаця б нават для наведвання такіх дыскусій? Найперш — жаданне жыць. Проста фізічна жыць. Калі яно ёсць, чалавек і прыйдзе на мерапрыемства і сам створыць штосьці неардынарнае, чаго да яго не рабілі. Калі не хоча жыць, ён не зробіць ні кроку! Галоўнае — спрабаваць дзейнічаць, ажыццяўляць мары і рухацца наперад. Хай людзі асуджаюць, хай круцяць пальцам ля скроні! Але толькі мы пражываем уласнае жыццё, таму меркаванне грамадства, якое будзе дыктаваць стэрэатыпы, маўляў, мы так рабіць не мусім, слухаць зусім неабавязкова, людзі не пражывуць жыццё за цябе. А ў выніку грамадства яшчэ будзе ўдзячнае, што ты дзейнічаў насуперак

.

budzma.by__wp_content_gall_a23dde556b2ba4747f6860f311b1d873.jpeg

 

Рэжысёр Валер Аляксееў, які праз вытворчую траўму страціў правую руку, адказваючы на пытанне пра матывацыю да грамадскай актыўнасці, здаровым цынізмам і самаіроніяй робіць атмасферу разняволенай:


— А я проста, відаць, нетыповы інвалід! Вось у людзей ногі баляць, з кожным крокам яны адчуваюць пэўны боль, а я што? Апынуўшыся ў бальніцы без рукі, я баяўся, што наведнікі паб’юць мяне, бо я ўсіх напалохаў, сунуўшы руку куды не трэба. І ў мяне задача была — як бы развесяліць іх, бо яны ж і грошы ўжо сабралі на пахаванне… (смех у зале) Але я як жыў, так і жыву, а ёсць людзі, якія адчайваюцца, праводзяць над сабой работу, вось яны — героі.


Валер не толькі актыўны ў дачыненні да свайго жыцця, але і дапамагае здзейсніць творчыя мары іншым інвалідам.

 

Адрозныя магчымасці


budzma.by__wp_content_gall_afe62ef2cf2461f4da21cfa561c7105f.jpeg


Маці Ангеліны Вольга Уэльская:


— Надта рэжуць слых словы “інвалід”, “чалавек з абмежаванымі магчымасцямі”. Найперш вы — чалавек, асоба, а не інвалід! Трэба мяняць сваё стаўленне да гэтага і тэрміналогію. Бо нашае жыццё складваецца згодна з тым, якія словы мы ўжываем штодня адносна сябе. Называеце сябе інвалідам — да канца дзён інвалідам і застаняцеся. Калі вы кажаце, што вы чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, побач будуць штораз узнікаць перашкоды, якія вы не зможаце пераадолець. Мая дачка — не інвалід, не чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, на скрайні выпадак яна — чалавек з адрознымі магчымасцямі! Тое, як яна ходзіць, як размаўляе — гэта адрозненне. Такое стаўленне дапаможа дамагчыся ўсяго! Мая дачка вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. І да нас ставяцца як да роўных. Гэта цэлая філасофія, і яна дапамагла нам. Мы — жывы прыклад поспеху, атрымання адукацыі і працы і ўвогуле якаснага жыцця.

 

Самаіронія як метад


Валер Аляксееў пярэчыць:


— Калі ты наведваеш амбасаду па візу, усё адно называеш сябе інвалідам, бо інвалідам бясплатна! (У зале смяюцца.) І трэба ж паказаць пасведчанне. Бо ў чым жа тут філасофія — памяняць адно слова на іншае? Чалавек з адрознымі магчымасцямі? Налічэнне пенсіі паводле ступені чалавечай адрознасці? Адрознасць першай, другой і трэцяй ступені? Што ж гэта мяняе? “Не трэба мяне шкадаваць!” Чаму ж не трэба? Я шкадую ўсіх людзей.


budzma.by__wp_content_gall_ff25347511731d38b5358e07cb8ea61d.jpeg


Наста Фёдарава, наведніца дыскусіі:


— Я таксама выкарыстоўваю слова “інвалід”. Мне так зручней. Напрыклад, я патэлефаную арганізатарам мерапрыемства, якое збіраюся наведаць, “Добры дзень, я чалавек з разынкай, з адрознымі магчымасцямі, мне патрэбныя адпаведныя ўмовы”. Яны падумаюць, што я, можа, проста голай люблю хадзіць.


А факт у тым, што да нас баяцца падысці, баяцца зрабіць балюча. Хоць балюча і робяць гэтым ігнараваннем, абстрагаваннем ад нашага існавання. Я сёння пазнаёмілася з хлопцам, выгульваючы сабаку. Хлопец сказаў “Наста, калі б не сабака, я б не падышоў да цябе, мне здавалася, што ўсе інваліды ў асноўным сядзяць дома, плачуць, а калі падысці да іх, яны пачнуць распавядаць пра свае праблемы, а я не буду ведаць, як цябе суцешыць”. (З залы рэкамендуюць чытаць парады па стасунках з інвалідамі. Наста адразу пярэчыць: “Там у асноўным лухта!”)


budzma.by__wp_content_gall_109ee6da2336042c0788033daaa24d55.jpeg


Праблема безбар’ернага асяроддзя найперш паміж людзьмі, у адпаведным стаўленні адно да аднаго, ускрывае састарэлыя стэрэатыпы і ўздымае новыя бакі пытання пра грамадскую актыўнасць.


Гучыць меркаванне, што сама сістэма яшчэ з савецкіх часоў скіраваная на замоўчванне існавання інвалідаў. Што ветэранаў Другой сусветнай вайны нават звозілі з гарадоў далей ад вачэй на поўнач, не гаворачы ўжо пра тое, каб паказваць іх у фільмах. Што прапаганда скажае праўду, пашыраючы стэрэатыпы, нібы дзеткі з абмежаванымі магчымасцямі нараджаюцца толькі ў бацькоў-алкаголікаў, каб адвесці ўвагу ад праблем экалогіі і медыцыны.


budzma.by__wp_content_gall_b4fb556377cb6a131af0e53fa4c8ebf3.jpeg


Наста дэманструе абвестку (“Мне проста ўжо набалела!”) на адваротным баку свайго электрамеханічнага вазка:


“Увага! Вазок важыць 120 кг, я 45 кг. Можаце падлічыць, колькі мы важым разам. Таму не варта штурхаць, паднімаць, альбо “дапамагаць” якім-небудзь іншым чынам, калі я вас пра гэта не прашу. Разваліць нас лёгка, а сабраць складана. (У выпадку, калі я ляжу пад вазком у непрытомнасці, добра, можна дапамагчы без дазволу).


Калі я стаю каля крамы/прыпынку/царквы — гэта не значыць, што мне трэба даваць дробныя грошы. Мне ўвогуле не патрэбныя вашыя грошы. Я гэтым не зарабляю і не збіраюся. Гэта не палепшыць вам карму, а настрой мне сапсуе дакладна (цукеркай, бадай, пачаставаць можна).


Я не больш няшчасная за вас. У нас аднолькавы набор праблем, але яны ў розных катэгорыях. Я ўмею жыць гэтым жыццём гэтак жа, як і вы ўмееце хадзіць. І гэтае жыццё не менш цудоўнае. Проста іншае”.


budzma.by__wp_content_gall_fdbccb7dcc3222afa3db84b509c57fe1.jpeg


Кактэйль з аптымізму, самаіроніі, здаровага цынізму і ў нечым усё ж роспачы дае пад дых і вымушае задаць сабе галоўнае пытанне дыскусіі, зладжанай кампаніяй “Будзьма!”, яшчэ раз: дык “ці мае межы грамадская актыўнасць?” Прадэманстраваныя сіла духу, работа з сабой, актыўныя дзеянні праз жаданне палепшыць якасць жыцця, свайго і вакол сябе, бо мы жывем не ў адрыве ад грамадства, вымушаюць зрабіць высновы пра тое, наколькі глыбока памыляюцца людзі, схільныя да бяздзеяння.


Віталь Сыч, budzma.by

Фота: Зарына Кандрацьева