IRDORATH запрашае на прэзентацыю альбома WILD (+ фота з выступу ў Літве)

Гурт IRDORATH 1 верасня запрашае на афіцыйную прэзентацыю альбома WILD у мінскім клубе Re:Public. Новую праграму музыкі часткова паказалі на літоўскім фестывалі MENUO JUODARAGIS у канцы жніўня.

afisza_irdorat.jpg

Новы альбом WILD змяшчае 10 аўтарскіх кампазіцый, сярод якіх 5 песень на беларускай мове, у тым ліку адна народная (Kupala na Ivana), 2 інструментальныя кампазіцыі, 3 творы на англійскай мове. А таксама бонус-трэк па-лацінску, яго тэкст заснаваны на лірыцы «Carmina Burana» (Adde Duas).
MENUO JUODARAGIS (MJR) — гэта фестываль альтэрнатыўнай музыкі і сучаснай балтыйскай культуры, што прэзентуе спадчыну паганства і пост-фольк рухі. Назва перакладаецца як «Чарнарогі Месяц». Сёлета хэдлайнерам была нарвежская WARDRUNA, з якой IRDORATH і выступілі на адной сцэне. Нашых музыкаў прымалі вельмі цёпла. «Завялася» ўся публіка, нават ахоўнік уваходу на сцэну: даў мне планшэт і папрасіў зняць для яго частку выступу на памяць.


Скакаць слухачам не замінала нават разбітая ў гліну зямля перад сцэнай. У першы дзень фестывалю была моцная залева і месцамі дарожкі не прасохлі нават праз тры дні. Часамі было досыць спякотна, але даводзілася насіць гумовыя боты ці хадзіць басанож, бо інакш ад сцэны да сцэны было не дабрацца.
Акрамя кампазіцый з новага альбому IRDORATH, як і абяцалі, выканалі старыя хіты. Мне падалося, што стары матэрыял гучаў з большым драйвам. Мабыць, чым дольш музыкі граюць песню, тым нязмушаней пачуваюцца падчас яе выканання. Таму 1 верасня чакаем поўнага адрыву!
Акрамя IRDORATH Беларусь на сёлетнім MENUO JUODARAGIS прадстаўлялі гурт DAINAVA і клуб традыцыйнага танцу СІТА. Фестываль наведала каля 6 тысяч чалавек. Гэта троху больш, чым летась, дождж у першы дзень не стаў перашкодай.
Пасля прэзентацыі WILD у Мінску IRDORATH мае насычаны гастрольны графік:
2 верасня – Картоfun фестываль, Горадня 21 верасня – Арол (Расія) 22 верасня – Смаленск, 24 верасня – Ніжні Ноўгарад. 28 верасня – Санкт-Пецярбург, 29 верасня – Масква.
13 кастрычніка гурт выступіць на Autumn moon festival у Хамельне (Нямеччына).