Як дома: беларускі конкурс на фестывалі «Паўночнае ззянне»

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» сёлета пройдзе з 20 па 30 лістапада бясплатна ў online. Важным складнікам усёй праграмы кінафестывалю з'яўляецца беларуская праграма, якую ўжо прэзентавалі гледачам. На працягу кінафестывалю фільмы беларускай праграмы будзе аглядаць міжнароднае журы, яны абяруць пераможцу беларускага конкурсу.

flh_maim.png


У беларускую праграму ўвайшлі 11 фільмаў, для многіх з якіх адпраўны пункт так ці інакш — гэта падзеі 2020 года ў Беларусі. Апроч гэтага, сярод іх — гісторыі пра сямейныя і асабістыя драмы, пра моцных жанчын, пераадоленне ўласных траўм, пра жыццё ў эміграцыі і будаванне ўспрыняцця дому па-за межамі сваёй краіны. Беларуская праграма «Паўночнага ззяння» сёлета вельмі разнастайная: ад фільмаў, што збіраюць узнагароды і авацыі на міжнародных кінафестывалях, да андэграўнднага беларускага кіно, якое звычайна альбо вельмі падабаецца, альбо зусім не.
«Край свету», 2021, Бельгія, Літва22/11/22, 19:20 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'
Фільм «Край свету»Ганны Саўчанка даследуе лёсы сем'яў, падзеленых беларуска-літоўскай мяжой. Кіно сканцэнтравана на тэме тэрытарыяльнага падзелу і таго, як людзі, чые жыцці закранула гэтая мяжа, жылі да яе збудавання, і як — пасля. Добрае дакументальнае расследаванне, якое расказвае пра дзве абсалютна розныя канцэпцыі свабоды: пра тую, якая ёсць у Еўропе, і пра тую, што ў Беларусі.
З цікавага: у фільме ёсць невялікая сцэна, у якой з'яўляецца Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Shirey Mara», 2021, Беларусь22/11/22, 19:20 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'22/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Філасофскі анімацыйны фільмНаты Карнеевай з хронаметражам у 10 хвілін. Казачна-паэтычная гісторыя пра прымірэнне са стратай каханага чалавека, пра чаканне першага снегу і пра пах вішнёвага лісця. Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Калі кветкі не маўчаць», 2021, Польшча24/11/22, 19:15 — Талін, к/т 'Artis'
Эмацыйны чорна-белы дакументальны фільм паказвае настрой у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вачыма некалькіх беларускіх сем'яў. Зрэжысаваў кіно Андрэй Куціла — неаднаразовы ўдзельнік «Артдакфэсту» і лаўрэат фестывалю IDFA. Адна з гісторый, якія дакументуе Андрэй у фільме, — гісторыя яго роднай сястры, якая прайшла праз Акрэсціна. Такім чынам глядач можа вельмі блізка ўбачыць наступствы траўматычнага досведу праз дыялогі, якія звычайна застаюцца па-за камерай. Фільм перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Мара», 2021, Францыя, Вялікабрытанія23/11/22, 19:10 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'25/11/22, 17:30 — Талін, к/т 'Artis'25/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«Мара» расказвае пра сведку прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У стужцы хроніка змешваецца з пастановачнымі кадрамі — снамі, у якія збягае ад рэальнасці галоўная гераіня. Фільм цесна звязаны з беларускімі казкамі, дзе ёсць Мара, якая прыходзіць і дорыць добрыя ці злыя сны. «Мара» — гэта такое антрапалагічнае дакументальнае кінаэсэ пра боль, надзею, жаноцкасць і барацьбу за свабоду.
Рэжысёрка фільма Саша Кулак з'ехала з Беларусі ў свае 16 гадоў, а ў 2020 годзе вярнулася на радзіму, каб удзельнічаць у лёсе краіны. Аўтарка нашумелых «Саламанкі» і «Хронік ртуці» не планавала здымаць фільм, але паступова з'явілася ідэя і шмат пачуццяў, якія хацелася перадаць. Яна кажа, што для яе гэты фільм — даследаванне страху.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Дапаможнік», 2021, Беларусь, Германія24/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
Гісторыя алегарычна звязаная з падзеямі жніўня 2020 года. «Дапаможнік» — гэта візуальнае разважанне пра тое, што ўсе катаванні невыпадковыя і што не можа чалавек іх спантанна прыдумаць. Гэта значыць, што існуе дапаможнік, у якім яны апісаныя. Рэжысёр Павал Мажар вывучыў сотні паказанняў сведак у інтэрнэце і выкрыў пэўны алгарытм рэпрэсій. Ён ператварыў свой пакой у Берліне ў студыю, дзе інсцэнаваў паказанні сведак «паліцыянтам» у чорным адзенні і балаклаве і чатырма «затрыманымі», аднолькава апранутымі ў кашулі і джынсы. Атрымалася кінападсумаванне дасканалага даследавання пра тое, як беларуская дыктатура запалохвае і катуе пратэстоўцаў.
Фільм перамог у катэгорыі кароткаметражнага кіно на галоўным міжнародным дакументальным конкурсе IDFA. Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Спатканне ў Мінску», 2022, Беларусь27/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
«Спатканне ў Мінску» зняў Мікіта Лаўрэцкі — рэжысёр, які займае асобнае месца ў нішы беларускага андэграўнду ў кіно, а цяпер нават спрабуе сябе ў стэндапе. Ён здымае ў жанры «мамблкор», то-бок незалежнае нізкабюджэтнае кіно з акцёрамі-аматарамі. Таму часта Мікіта сам сабе рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер і акцёр.
«Спатканне ў Мінску» — камерная радыёп'еса пра тое, што Мікіта і яго дзяўчына і пастаянная муза Оля знаходзяцца ў аб'юзіўных і сузалежных адносінах. Галоўныя героі вырашаюць схадзіць на спатканне, быццам ідуць на яго першы раз, як 8 гадоў таму. На выхадзе маем паўтары гадзіны размоў пра жыццё, адносіны, палітыку, эміграцыю і радзіму за гульнёй у більярд, знятых адным дублем. Выдатны спосаб акунуцца ў атмасферу Мінска, беларускай кінатусоўкі, настальгіі і найлепшых жартаў аўтара. «Спатканне ў Мінску» перамог на топавым міжнародным кінафестывалі «Doclisboa» ў Партугаліі.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«У адзіночку», 2020, Вялікабрытанія21/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«У адзіночку» — фільм «Беларускага Свабоднага тэатра» (Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Эндру Сміт), які вывучае экзістэнцыйны боль Украіны з нечаканай перспектывы: вачыма адной з найбольш камерцыйна паспяховых фігур украінскага шоу-бізнесу — Андрыя Хлыўнюка, саліста хіп-хоп- і рок-гурта «Бумбокс». Адметна, што ў дакументальным фільме Андрый Хлыўнюк нечакана блізка і шчыра раскрываецца як чалавек, а не як паспяховы артыст. Музыка знаходзіць сабе місію — распавядаць свету пра вайну на ўсходзе Украіны, якая ідзе з 2014 года, і матываваць фанатаў далучацца да яго барацьбы. Паралельна з тым глядач назірае за сяброўствам Андрыя з «Беларускім Свабодным тэатрам».
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Праз рэйкі», 2021, Беларусь, Польшча30/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Жывое, гумарыстычнае і сур'ёзнае дакументальнае апавяданне ад рэжысёра Антося Сівых пра беларусаў, якія пераасэнсоўваюць сябе ў эміграцыі ў Польшчы. «Праз рэйкі» поўны разважанняў пра тое, што чалавек перажывае, калі апынаецца ў новым геаграфічным і культурным асяроддзі. Героі фільма — беларускія студэнты з розных універсітэтаў, якія апынуліся ў адным горадзе — постіндустрыяльнай і постапакаліптычнай польскай Лодзі. Фільм для тых, хто з'ехаў і задаецца пытаннямі: «Як асталявацца? Як жыць?» — і хоча паглядзець на людзей у такіх жа абставінах.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Дзіма», 2020, Беларусь24/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«Дзіма» — дакументальнае суправаджэнне жыцця героя, мужчыны Дзімы, які шмат і доўга сядзеў за крадзяжы і не толькі. Дзіма жыве ў звычайнай беларускай вёсцы, і глядач фільма становіцца сведкам паўсядзённага жыцця мужчыны: таго, як галоўны герой ходзіць у госці, ловіць рыбу, паліць у печы, паралельна з чым ён разважае, як пражыў сваё жыццё. Рэжысёр карціны Дзіма Дзядок — цікавы самабытны аўтар, які зусім камерцыйна не арыентаваны: ён канцэнтруе свой погляд у творчасці на простых неабароненых людзях, ад якіх усе адварочваюцца. Фільм «Дзіма» — таму пацвярджэнне.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«DOMUM», 2020, Беларусь26/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Гэта дакументальны фільм пра двух беларусаў: адзін даўно з’ехаў, а другі ўсё жыццё працуе ў сельскай школе. Іх не аб'ядноўвае нічога, акрамя Беларусі — краіны, у якой яны нарадзіліся. Фільм заснаваны на развагах пра радзіму і свабоду выбару: з'ехаць ці застацца. Рэжысёр карціны «DOMUM»Максім Сіры адносіцца да беларускага андэграўнду, а да прыходу ў кіно рабіў кліпы музычным гуртам, сярод якіх «J:морс», «Без білета», «Разбітае сэрца пацана», «Naka».
Даведацца больш пра фільм можна тут
«Лета 1989», 2022, Беларусь28/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Ігравая чорна-белая карціна «Лета 1989» — гэта гістарычная рэканструкцыя таго, як пяцёра падлеткаў адзначаюць школьны выпускны на прыродзе. Фільм складаецца з замалёвак, якія паказваюць жыццё ўжо амаль постсавецкіх хлопцаў і дзяўчат. Размовы ля вогнішча, думкі пра будучыню, каханне, нянавісць, здрада, сутычкі з мясцовымі жыхарамі, сталенне за некалькі дзён, — усё гэта ўбачаць гледачы. Гэта чарговая прадзюсарская праца Леаніда Каліцені, якую зрэжысаваў Уладзімір Казлоў.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
Online-івэнт — беларуская дыскусія «Як дома»29/11/22, 16:00 (мінскі час)
Беларускае незалежнае кіно перажывае дзіўныя часы, калі рэжысёры разляцеліся па ўсім свеце, але не могуць прыехаць і здымаць фільмы ў сваёй роднай краіне. Як выглядае кінапрацэс у выгнанні? Падчас online-дыскусіі аўтары стужак, што ўвайшлі ў беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны пачуваюцца як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў. Даведацца больш пра івэнт можна тут.
Уся праграма ў online будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць неўзабаве. Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступныя 24 гадзіны, згодна з раскладам.
Таксама вы можаце падтрымаць фестываль данатам.
Паводле прэс-рэлізу.