Як літвіны і казакі Сібір заваёўвалі. Новы выпуск гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня»

Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня» ад кампаніі «Будзьма беларусамі», прысвечанага самым цікавым старонкам супольнай гісторыі Беларусі і Украіны. Таямнічы свет войнаў і інтрыг, кахання і барацьбы за ўладу, смерці і нараджэння дзяржаў адкрывае гледачам тэлевядоўца і спявачка Кацярына Ваданосава.


Навошта маскавіты пачалі заваёўваць Сібір: калі не нафта, то…? Што за Уралам рабілі літвіны-шляхцічы ды ўкраінскія гетманы? За што чукчы парэзалі на кавалкі і засушылі цела афіцэра Дзмітрыя Паўлуцкага? І не толькі...
Проста, дасціпна і з гумарам пра гэта распаведзе ў новым выпуску вядоўца Кацярына Ваданосава.
Можна пачуць, што зараз не час для культуры, тым больш не час для беларуска-ўкраінскай гісторыі. Але ці можна перакрэсліць 1000 гадоў нашага супольнага мінулага, агульных герояў і ўсяго, што нас звязвала так доўга? Мы перакананыя — не!
Чаму гэта так важна? Зменлівы свет занадта часта спрабуе дыктаваць, якім народам сябраваць, якім не. Пра што казаць і пра што маўчаць. З Украінай нас — беларусаў — аб’ядноўвае занадта шмат. Таму самы час даведацца, як наша супольная гісторыя выглядала цягам мінулых стагоддзяў.
«Трызуб і Пагоня» з Кацярынай Ваданосавай ад кампаніі «Будзьма» — гэта расповед пра 1000 гадоў супольнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў. Войны, інтрыгі, барацьба за ўладу, грошы, каханне, смерць і нараджэнне дзяржаў. Тое, што аб’ядноўвае. Тое, пра што варта ведаць.