Як распавядаць дзецям пра Халакост?
Клуб вуснага гісторыка распачынае новы год практыкумам, у якім прымуць удзел спецыялісты-адукатары і госці паседжання.
Сустрэча будзе цалкам прысвечана розным методыкам і практыкам выкладання дзецям тэмы Халакосту.
Таксама наведвальнікі атрымаюць унікальную магчымасць наведаць выставу «Розныя войны», падрыхтаваную «Мемарыялам», якая ўпершыню экспануецца ў Мінску. Выстава прадстаўляе бачанне гісторыі Другой сусветнай вайны і Халакосту ў падручніках розных краін.
Для Беларусі ж Халакост — падвойная адукатарская праблема. Па-першае, падручнікі не звяртаюць на гэту тэму ўвагі і таму спецыялістам трэба самастойна знайсці спосаб распавесці дзецям пра трагедыю. Адсюль вынікае другая праблема: якім чынам гэта эфектыўна зрабіць.
Гэтай праблемай зацікавілася Ірына Кашталян, якая разам з калектывам настаўнікаў распрацавала адмысловы метадычны комплекс. На паседжанні госці пазнаёмяцца з новымі навучальнымі матэрыяламі, а таксама прымуць удзел у іх атэстацыі і апрабацыі.
Сустрэча адбудзецца 24 студзеня ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.
Паводле прэс-рэліза